Министерство образования Республики Беларусь

Святло духоўнасці і маральнасці

Опубликовано: 26.04.2018

1.jpg

Спецыяліст павінен валодаць не толькі прафесійнымі ўменнямі і навыкамі, але і духоўнымі якасцямі. Што гэта за якасці? Як паспяхова сфарміраваць іх у навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі? Падрабязныя, разгорнутыя адказы, пацверджаныя практычнай работай, давалі ўдзельнікі пашыранага пасяджэння Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
— Сёння на базе 80 устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, прафесійнай адукацыі рэалізуецца 5 эксперыментальных інавацыйных праектаў па пытаннях духоўна-маральнага і сямейнага выхавання навучэнцаў з выкарыстаннем патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцей, што дазваляе надаць сістэмнасць і выніковасць выхаваўчым мерапрыемствам, арганізаваць наша супрацоўніцтва на больш высокім узроўні. Хачу выказаць упэўненасць, што супрацоўніцтва паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і сістэмай адукацыі Рэспублікі Беларусь будзе і надалей развівацца дынамічна і плённа. Наша агульная задача: аб’яднаць інтэлектуальныя сілы грамадства для захавання і памнажэння культурнай спадчыны Беларусі, духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.
Формы такога супрацоўніцтва ва ўстановах прафесійнай адукацыі дастаткова разнастайныя. Перспектыўным напрамкам з’яўляецца праваслаўнае краязнаўства, вывучэнне культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа, арганізацыя экскурсій па памятных мясцінах з наведваннем нацыянальных святынь. У духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў вялікае месца адводзіцца развіццю маладзёжнага валанцёрскага руху, арыентаванага на такія якасці, як міласэрнасць і дабрачыннасць, аказанне дапамогі інвалідам, дзецям-сіротам, адзінокім грамадзянам, ветэранам вайны і працы.
У кожным рэгіёне назапашаны багатыя традыцыі такога супрацоўніцтва. Так прыходы на тэрыторыях Брэсцкай, Барысаўскай, Гродзенскай, Навагрудскай епархій паспяхова супрацоўнічаюць з усімі ўстановамі сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Пра вопыт работы ў Тураўскай епархіі паведаміў протаіерэй Дзмітрый Пасечнік. Сумесныя мерапрыемствы разнастайныя як па форме, так і па змесце. Гэта правядзенне заняткаў па асновах праваслаўнай культуры, шырока выкарыстоўваюцца размовы па духоўна-маральным выхаванні, сустрэчы, прымеркаваныя да праваслаўных святаў і знамянальных дат.
Як паведаміў Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін, рэгулярнымі сталі працоўныя дэсанты навагрудскіх навучэнцаў у Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры. У Барысаўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы праходзіць традыцыйны тыдзень дабрыні. У Слонімскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сельска-гаспадарчай вытворчасці створаны атрад “Вера. Надзея. Любоў”. Важным напрамкам з’яўляецца прафілактыка дэвіянтных і суіцыдальных паводзін, наркаманіі, гульняманіі. Рабоце ў гэтым напрамку садзейнічаюць круглыя сталы “Каштоўнасці ў сучасным свеце”, цыкл лекцый “Я выбіраю жыццё” і інш. Напрыклад, у Шчучынскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі святары праводзіцца цыкл размоў “Жыццё як каштоўнасць і дар Божы”, “Дабро як маральная катэгорыя”.
— Веды, якія даюцца ва ўстановах адукацыі, вельмі важныя, але ў той жа час варта ўдзяляць асаблівую ўвагу духоўна-маральнаму, патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. Сёння ў эпоху інфармацыйных тэхналогій ствараюцца камп’ютары, робаты, у якія закладваецца асаблівая інфармацыя, што дазваляе вырашаць розныя пытанні. Аднак у робатаў, на жаль, няма пачуццяў, якімі валодае чалавек. Гэта сфера выхавання, якая дазваляе закладваць духоўна-маральныя каштоўнасці з маленства, — адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Вопытам адпаведнай работы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння падзялілася дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Алена Васільеўна Жураўлёва, дырэктар Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Вера Віктараўна Дзянініс. Абмен вопытам быў працягнуты падчас работы секцый.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Вернуться к списку новостей