Министерство образования Республики Беларусь

Сумесна — значыць, эфектыўна

Опубликовано: 06.07.2018

000051_888896_big.jpg

Круглы стол, прысвечаны міжгаліноваму ўзаемадзеянню ў сферы фізічнай культуры, спорту і турызму, прайшоў у Міністэрстве спорту і турызму з удзелам кіраўнікоў дзвюх ведамстваў Сяргея Міхайлавіча Кавальчука і Ігара Васільевіча Карпенкі.
У сумеснай рабоце Міністэрства спорту і турызму і Міністэрства адукацыі склаліся добрыя традыцыі. Падрыхтоўка спартсменаў, спецыялістаў, трэнераў, выяўленне найбольш таленавітых навучэнцаў для спорту высокіх дасягненняў, фізічнае выхаванне падрастаючага пакалення, папулярызацыя сярод насельніцтва здаровага ладу жыцця — супрацоўніцтва ў гэтых напрамках вядзецца актыўна і зладжана. Самае першае, на чым засяродзіў увагу мадэратар круглага стала міністр спорту і турызму С.М.Кавальчук, — гэта наведванне навучэнцамі і студэнтамі спартыўных аб’ектаў. Для моладзі, на думку Сяргея Міхайлавіча, лядовыя палацы, басейны, стадыёны павінны быць максімальна даступнымі.
— Відавочна, што без фізічнай культуры, спорту, здаровага ладу жыцця сістэма адукацыі не будзе паўнавартаснай. Важна, каб у адукацыйным працэсе ў дзіцяці была сфарміравана патрэбнасць да здаровага ладу жыцця і заняткаў фізічнай культурай. Для сістэмы Міністэрства спорту і турызму важна ажыццяўляць адбор таленавітых навучэнцаў, якія могуць паказаць вынікі на розных узроўнях, важна, каб масавы спорт, які развіваецца ў першую чаргу ў школе, быў асновай спорту высокіх дасягненняў. Тут, канечне, неабходна адпрацаваць узаемадзеянне паміж установамі адукацыі і спартыўнымі ўстановамі. У нас ёсць цудоўныя прыклады такога ўзаемадзеяня, калі на базе сярэдніх школ адкрыты філіялы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Мы сумесна праводзім розныя спаборніцтвы, фарміруем спартыўныя класы, каманды для ўдзелу ў гімназіядах, універсіядах, дзе нашы юныя спартсмены стабільна паказваюць высокія вынікі. Выдатным прыкладам з’яўляецца нядаўні выступ нашай каманды на І Сусветнай зімовай гімназіядзе ў французскім Грэноблі і XVII Сусветнай летняй гімназіядзе ў Марока. Паспяхова ўзаемадзейнічаем з федэрацыямі па розных відах спорту, асабліва з федэрацыяй біятлона і лёгкай атлетыкі. Важна вывесці наша міжгаліновае ўзаемадзеянне на больш якасны ўзровень, — адзначыў Ігар Васільевіч Карпенка.
Удзельнікі круглага стала таксама разглядалі пытанні ўдасканалення сістэмы адбору спартыўнага рэзерву, правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў у шосты школьны дзень, спаборніцтваў па алімпійскіх відах спорту і актуалізацыі вучэбных праграм па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Таксама абіяркоўвалася развіццё сістэмы спецыялізаваных па спорце класаў, развіццё студэнцкага спорту, фарміраванне ўніверсітэцкіх каманд па гульнявых відах спорту, функцыянаванне галіновых лабараторый на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Работа па ўдасканальванні ўзаемадзеяння двух ведамстваў будзе працягвацца, а падобныя сустрэчы за круглым сталом стануць выдатнай нагодай для больш дэтальнага абмеркавання і вырашэння задач, якія стаяць перад міністэрствамі.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вернуться к списку новостей