Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Шчыра — пра галоўнае

Опубликовано: 20.12.2018

вилейка.jpg

Чацвёрты чацвер кожнага месяца ва ўстановах адукацыі ў гэтым навучальным годзе праходзіць пад знакам Школы актыўнага грамадзяніна. На сустрэчу са старшакласнікамі ў рамках адзінага дня інфарміравання прыходзяць дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутаты. 20 снежня сярэдняя школа імя Янкі Купалы № 19 Мінска сустракала міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенку.
Згодна з фарматам Школы актыўнага грамадзяніна, на сустрэчу былі запрошаны навучэнцы 8 — 11 класаў — хлопцы і дзяўчаты, якія вучацца быць актыўнымі грамадзянамі, імкнуцца арыентавацца ў падзеях, што адбываюцца ў краіне. Размова з міністрам адукацыі якраз і дазволіла знайсці поўныя, разгорнутыя адказы на хвалюючыя моладзь пытанні. Усе пытанні, якія былі ўзняты падчас сустрэчы, можна радзяліць на тры блокі: акцыя “Нашы дзеці”, нядаўняе дзіцячае Еўрабачанне і будучыя ІІ Еўрапейскія гульні, а таксама пытанні будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў.
Размова атрымалася актыўнай, насычанай і праходзіла не проста ў фармаце “пытанне — адказ”. Навучэнцы не толькі задавалі пытанні Ігару Васільевічу, але і дзяліліся сваім меркаваннем пра тыя ці іншыя падзеі, сваім вопытам, у прыватнасці, вопытам удзелу ў рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Нягледзячы на тое, што акцыя пачалася нядаўна, вучні сярэдняй школы № 19 Мінска ўжо наведалі Радашковіцкую школу-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Ігар Васільевіч у сваю чаргу расказаў і пра добрыя справы, якія напярэдадні Новага года ён рабіў разам з таварышамі ў школьныя і студэнцкія гады. “Рабіць дабро можа кожны, рабіць дабро — гэта павінна быць у свядомасці кожнага”, — менавіта такая думка гучала падчас сустрэчы.
Асобны блок пытанняў тычыўся развіцця талентаў дзяцей. Міністр адукацыі заўважыў, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага развіцця навучэнцаў, раскрыцця талентаў кожнага хлопчыка і дзяўчынкі, кожнага падлетка, юнака і дзяўчыны. Пацвярджэннем таму з’яўляецца рэгулярны і паспяховы ўдзел юных талентаў з Беларусі ў міжнародных конкурсах і фестывалях, у тым ліку ў дзіцячым Еўрабачанні. Невыпадкова Мінск атрымаў гонар сустракаць лепшых юных вакалістаў Еўропы. Як невыпадкова і тое, што ў наступным годзе ён стане сталіцай ІІ Еўрапейскіх гульняў. Гэта выдатна сведчыць пра актыўнае развіццё ў нашай краіне спорту, у тым ліку дзіцяча-юнацкага. Па словах Ігара Васільевіча Карпенкі, фестывалі, спаборніцтвы з’яўляюцца выдатнай нагодай паказаць жыхарам многіх краін свету нашу гасціннасць, прыгажосць і ўтульнасць Беларусі.
Асобна ў размове закраналася пытанне будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў. Гэтае пытанне, сапраўды, важнае, паколькі дазваляе замацаваць маладых спецыялістаў, у першую чаргу, у сельскай мясцовасці, невялікіх гарадах.
У памяць пра цёплую сустрэчу ад паважанага госця ўстанове адукацыі быў падараваны камплект кніг для школьнай бібліятэкі, а таксама набор спартыўнага інвентару. Своеасаблівай падзякай Ігару Васільевічу за сустрэчу стала калядная зорка з выявамі адметнасцяў Савецкага раёна, створаная рукамі вучняў і педагогаў сярэдняй школы № 19 імя Янкі Купалы Мінска.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вернуться к списку новостей