Министерство образования Республики Беларусь

Шэсць граняў шостага школьнага дня

Опубликовано: 31.10.2017

DSC_3456.jpg

Сёння на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі стартаваў фінал Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. У творчую барацьбу ўступілі 21 каманда – пераможцы рэгіянальных і Мінскага гарадскога тураў. На працягу дня яны прадставяць свае праекты, а заўтра лепшыя з лепшых атрымаюць свае ўзнагароды.

DSC_3484.jpg

Сёлета конкурс праходзіць у шосты раз і па шасці намінацыях: “Здароўе – гэта здорава”, “Лепшая ідэя школьнай бізнес-кампаніі”, “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення!”, “Гадуем патрыётаў Беларусі!”, “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня”, “Лепшы інавацыйны праект”.
Гераінямі яркага творчага адкрыцця сталі Аліса, якая, седзячы на месцы, марыла пра краіну цудаў, і маленькая Соня, якая была ўпэўнена, што у школе ў суботу выхадны, і дзеці, якія ў сваім творчым нумары заявілі: “Нам хочацца гуляць”.

DSC_3424.jpg

Адкрываючы конкурс пасля такога пачатку, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Станіславаўна Сідарэнка паразважала: “Дзецям, як і Алісе, заўсёды хочацца хоць крыху цуда, хочацца гуляць – быць свабоднымі, займацца сваімі любімымі справамі. І для іх чамусьці часта ў супрацьвагу існуе паняцце шостага школьнага дня. І гэта не толькі меркаванне маленькай Соні, але і многіх іншых школьнікаў  Прычына ў тым, што перавагі шостага школьнага дня яны яшчэ не адчулі. А адчуюць толькі пры умове, калі мы з вамі, усе, хто вучыцца ва ўстановах адукацыі краіны і хто сёння дайшоў да фіналу, кожную суботу будзем знаходзіць адметнасці свайго школьнага дня і расказваць пра іх усёй краіне. Сёлета мы сабраліся шосты раз. І, дзякуючы папярэднім пяці конкурсам, у нас велізарны банк цікавых ідэй, адкрыццяў, якія былі знойдзены ў кожнай канкрэтнай установе адукацыі. І мы хочам, каб у шосты дзень бегла ў школу кожная маленькая Соня і занялася цікавай справай, якая дазволіць з аднаго боку забавіцца, а з другога – адкрыць для сябе нешта новае”.
Звяртаючыся да педагогаў - фіналістаў конкурсу, Раіса Станіславаўна выказала ім сваю ўдзячнасць за крэатыўнасць, творчасць, жаданне расказаць усёй краіне пра тое, як можа быць здорава праводзіць вольны час у школе, у тым ліку і ў школьны шосты дзень: “Вялікі вам дзякуй за тое, што вы шукаеце і знаходзіце, за тое, што вы наперадзе. І жадаю вам не толькі паказаць свае ідэі, але і атрымаць асалоду ад зносін з такімі ж творчымі калегамі”.
DSC_3440.jpg


Святлана НІКІФАРАВА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вернуться к списку новостей