Министерство образования Республики Беларусь

Рабочая паездка Міністра адукацыі І.В. Карпенка ў Віцебскую вобласць

Опубликовано: 22.12.2017

I1MG_2567.jpg

На першы погляд, гарадскі пасёлак Баравуха, што на Віцебшчыне – маленькая кропка на геаграфічнай карце. Але пры бліжэйшым знаёмстве бачыцца іншае: край са слаўнай гісторыяй, сучаснасцю, зямля, якая натхніла на высокія здзяйсненні вядомых усяму свету спартсменаў, выдатных мастакоў, паэтаў і настаўнікаў. У Баравухскую сярэднюю школу №15 Наваполацка штораніцы спяшаюцца за новымі ведамі і адкрыццямі больш за 430 навучэнцаў. Многія ідуць сцежкамі бацькоў, якія некалі тут вучыліся. А кожны настаўнік, які працуе тут, асабістым прыярытэтам лічыць памнажэнне багатых школьных традыцый і засваенне багатага педагагічнага вопыту праз прызму інавацый. Настаўнікі ў Баравусе сапраўды сабраліся працаздольныя, творчыя, нацэлены на амбіцыёзныя планы. І ёсць усе падставы сцвярджаць, што намечанае абавязкова спраўдзіцца! Сёлета ўстанова адукацыі адзначае сваё 80-годдзе. Выдатным падарункам да знамянальнай даты і 60-гадовага юбілею Наваполацка стала перамога прадстаўніцы педагагічнага калектыву на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017” – Святлана Румянцава.  
Напярэдадні навагодніх святаў у Баравуху завіталі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Дзевятоўскі, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, прадстаўнікі гарадской і мясцовай улады, кіраўнікі ўстаноў адукацыі Наваполацка. Школа сустрэла шаноўных гасцей яркай творчай прэзентацыяй і выдатнай канцэртнай праграмай, падрыхтаванай лепшымі самадзейнымі калектывамі педагогаў і навучэнцаў.
– Зараз па ўсёй краіне крочыць вялікая дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.  Мне ўдвая больш прыемна знаходзіцца ў вашай школе, таму што гэта магчымасць дакрануцца да маладосці: у свой час зусім непадалёк пачыналася мая працоўная дзейнасць, – расказаў Ігар Васільевіч.  Па выніках рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства мы дамовіліся падтрымаць усе калектывы, якія прадстаўлялі фіналісты. І, канечне, кропкай адліку стала школа, дзе адбыўся “Настаўнік года-2017”. Спадзяюся, што наш падарунак -- камп’ютарны клас і мульціборд – будзе садзейнічаць далейшаму павышэнню якасці адукацыйнага працэсу. У гэтым, безумоўна, вельмі важная роля педагога -- важна, каб кожны настаўнік разумеў агульнасць мэт і задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць вас з надыходзячым Новым годам і калядамі, пажадаць усяго самага добрага. Няхай наступны год прынясе новыя цікавыя ідэі і іх рэалізацыю, а нашы дзеці радуюць сваімі талентамі і поспехамі, растуць і становяцца лепшымі за нас. Упэўнены, у гэтым заклад руху наперад.
– Віншуючы калектыў Баравухскай школы №15 і ўсе ўстановы адукацыі Наваполацка, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома падзякаваў за выдатную працу і яе плён. На працягу дзесяцігоддзяў па многіх паказчыках Навапалацк трымае лідарства ў сістэме адукацыі вобласці. Не стаў выключэннем і 2017-ты: напрыклад, колькасць пераможцаў і прызёраў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах павялічылася амаль удвая, а па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх прадметах навапалачане прадэманстравалі бал, вышэйшы за рэспубліканскі. І, канечне ж, выдатным сведчаннем сістэмнай метадычнай работы па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці, зладжанай працы ўсяго калектыву, накіраванай на дасягненне агульнай мэты – выхаванне чалавека, грамадзяніна, патрыёта – з’яўляецца бліскучая перамога настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Румянцавай.
– Настаўніцтва трывала ўвайшло ў маё жыццё, стала не проста прафесіяй, а ладам жыцця, – прызналася Святлана Леанідаўна. – Яно – жывая частка існавання маёй сям’і, педагагічнай дынастыі, якая налічвае тры пакаленні. І так хочацца, каб гэтая духоўная пераемнасць не перапынялася! Шчыра веру: такі галоўны закон вечнасці і неўміручасці народа, сям’і, прафесіі. Нішто так не палоніць, як прыгажосць, не пераконвае, як праўда, і не ўздзейнічае, як прыклад. Для нас, сённяшніх настаўнікаў, сапраўдным прыкладам з’яўляюцца нашы настаўнікі. Яны мелі самае галоўнае, што рабіла іх справу дасканалай – любоў да вучняў, сваёй прафесіі і самаахвяраванне. Гэтыя якасці з’яўляюцца вырашальнымі і для нас. Цяпер ад нашай працы залежыць не толькі лёс канкрэтнага вучня, але і дабрабыт і бяспека дзяржавы ў цэлым. Мы імкнемся зарэкамендаваць сябе вартымі ўвагі прафесіяналамі, якія валодаюць перакананасцю палітыка, розумам даследчыка, мудрасцю дыпламата, талентам акцёра, а часта яшчэ – і вытрымкай разведчыка. Каб дасягнуць гэтага, пастаянна працуем над сабой, вучымся, развіваемся, удасканальваемся. Прафесія настаўніка і праз дваццаць, і праз сто гадоў будзе прад’яўляць звышпатрабаванні – найперш таму, што ўсё, чаму вучыць настаўнік, павінна быць у ім самім. Бо розум выхоўваецца толькі розумам, маральная высакароднасць – асабістай высакароднасцю, а патрыятызм – любоўю да Радзімы і адданасцю ёй. Настаўнік – самая лепшая прафесія ў свеце, прафесія па-за часам і геаграфіяй. Як кажуць у народзе, яна ад Бога, а ўсе іншыя прафесіі – ад настаўніка.
Шырокі спектр пытанняў сучаснай адукацыі і перспектывы яе развіцця, рэалізацыя  канцэптуальных падыходаў, прынятых на рэспубліканскім педагагічным савеце сталі прадметам зацікаўленай размовы за круглым сталом, у якім прынялі ўдзел педагогі і госці школы. У ходзе рабочай паездкі Ігар Карпенка таксама наведаў Наваполацкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву і Ліцэй горада Наваполацка.

Пресс-центр Министерства образования.
Вернуться к списку новостей