Министерство образования Республики Беларусь

Патрыятызм — справа агульная

Опубликовано: 01.03.2018

_DSC_5792.jpg

Актуальныя аспекты выхавання грамадзянскасці і патрыятызму ў працэсе фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі і высокага маральнага аблічча навучэнскай моладзі разглядалі ўдзельнікі рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, якая прайшла ў сталічным Цэнтральным Доме афіцэраў і была прысвечана 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Правядзенне Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам абароны падобных сумесных мерапрыемстваў сведчыць пра важнасць грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Праблемнае поле канферэнцыі было даволі шырокім і адпавядала тэматыцы секцый: гэта формы і метады выкарыстання патэнцыялу краязнаўчай дзейнасці ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў, пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання як мэтавы арыенцір прафесійнай адукацыі моладзі, дзейнасць устаноў адукацыі па ўвекавечванні і захаванні памяці пра ахвяр войн.
— Мы па праве ганарымся магутнасцю сучасных Узброеных Сіл нашай краіны, якія надзейна забяспечваюць мір і стабільнасць на беларускай зямлі. Мы ўсе зацікаўлены, каб на службу ва Узброеныя Сілы прыйшоў малады чалавек, здольны з годнасцю і гонарам выканаць свой канстытуцыйны абавязак. Быць абаронцам, быць грамадзянінам і патрыётам Радзімы, значыць мець актыўную грамадзянскую пазіцыю і добрасумленна выконваць свае абавязкі. У нашай краіне створана і ўдасканальваецца цэласная сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання на ўсіх узроўнях адукацыі. Фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму заснавана на любові да сваёй зямлі, Радзімы, народа, павагі да гісторыі Бацькаўшчыны, нацыянальнай культуры, традыцый і звычаяў. Выхаванне маладога пакалення на гераічнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны складае найважнейшы аспект усёй выхаваўчай работы. Педагогі дапамагаюць сваім выхаванцам правільна зразумець важныя падзеі ваеннага ліхалецця, захаваць памяць пра вялікі подзвіг нашага народа. Няхай прафесіяналізм, пошук, наватарства і надалей дапамагаюць вам у дасягненні высакародных мэт у выхаванні нашай моладзі, — звярнуўся з прывітальным словам міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.
Менавіта такія педагогі-прафесіяналы, наватары, якія знаходзяцца ў пастаянным пошуку, і дзяліліся падчас канферэнцыі вопытам грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. У кожным рэгіёне назапашаны вялікі вопыт такой работы.
_DSC_5785.jpg

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуарда Валянцінавіча Тамільчыка, адна з галоўных ролей у патрыятычным выхаванні навучэнцаў належыць музеям устаноў адукацыі, у якіх накоплены вялікі вопыт па выкарыстанні розных форм работы. Асаблівую значнасць набываюць мерапрыемствы, што праводзяцца музеямі па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і захаванні гістарычнай памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа.
— Немагчыма фарміраваць грамадзянскасць і патрыятызм аднымі тэарэтычнымі развагамі, аповедамі пра гераічнае мінулае. Работа па выхаванні грамадзяніна і патрыёта на практыцы не павінна ператварацца ў набор стандартных мерапрыемстваў, асабліва разважальнага характару. Плён можа прынесці толькі цеснае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з усімі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі. Прыкладам з’яўляецца ўзаемадзеянне Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, дзе сфарміраваны добрыя традыцыі супрацоўніцтва. Толькі разам мы можам выхаваць грамадзян і патрыётаў, чые думкі, веды і ўменні будуць накіраваны на дабрабыт нашай моцнай і незалежнай Рэспублікі Беларусь, — адзначыў Эдуард Валянцінавіч.
_DSC_5799.jpg

Рабіць нашу краіну моцнай і квітнеючай павінны ўсе грамадзяне, любога ўзросту, бо, як адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімір Мацвеевіч Макараў, тэма развіцця ў грамадстве патрыятызму і выхавання пачуцця адказнасці за абарону Айчыны з’яўляецца адным з ключавых тэзісаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Ігар ГРЭЧКА “Настаўніцкая газета” для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Вернуться к списку новостей