Министерство образования Республики Беларусь

Чарговы крок разам

Опубликовано: 30.03.2018

2.jpg

Падпісаны план супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Дзіцячага фонда ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь на 2018 год. Асноўнымі кірункамі супрацоўніцтва стануць забеспячэнне аховы здароўя дзяцей, падтрымка сям'і і прафілактыка сацыяльнага сіроцтва, абарона ад гвалту, удасканаленне дзейнасці ў сферы развіцця дзяцей ранняга ўзросту, а таксама ўдасканаленне формаў і метадаў работы з падлеткамі і моладдзю па пытаннях пашырэння іх удзелу ў прыняцці рашэнняў.Такое ўзаемадзеянне развіваецца ў межах рэалізацыі краінавай праграмы ЮНІСЕФ для Беларусі на 2016-2020 гады.
Найбольш яркім станоўчым прыкладам супрацоўніцтва стала рэалізацыя ініцыятывы “Горад, дружалюбны дзецям”, да якой далучыліся 25 гарадоў. Нацыянальны вопыт у рэалізацыі ініцыятывы, паводле ацэнак міжнародных экспертаў, з'яўляецца адным з лепшых у свеце. У сферы маладзёжнай палітыкі наладжана ўзаемадзеянне ў рамках дзейнасці Цэнтра інавацый і партнёрства на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”.
1.jpg

“Будзе ўдасканальвацца работа сацыяльна-педагагічных цэнтраў – зазначыў Ігар Васільевіч. – Мы звярнулі ўвагу на тое, што псіхалагічныя службы ў школах не спраўляюцца з задачай індывідуальнай і групавой карэкцыі дэвіянтных паводзін, асабліва ў складаных сітуацыях, калі назіраюцца суіцыдальныя паводзіны, наркатычная ці алкагольная залежнасць. Прычыны – і ў масавасці навучэнцаў устаноў, і ў недахопе спецыялістаў, і ў тым, што самі бацькі дзяцей неахвотна ідуць на кантакт са спецыялістамі школы. Мы праводзілі эксперымент у Мінску, і ён паказаў, што бацькі ідуць ахвотней у сацыяльна-педагагічны цэнтр, які знаходзіцца па-за школьнымі сценамі. Таму мы б хацелі ўмацаваць псіхалагічны складнік гэтых устаноў, каб там працавалі псіхолагі спецыяльных кірункаў. Акрамя таго, у штаце сацыяльна-педагагічных цэнтраў з’явяцца юрысты”.
У межах рэалізацыі новага Плана супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і ЮНІСЕФ запланаваны распрацоўка стратэгіі “Развіццё і адукацыя дзяцей ранняга ўзросту”, стварэнне 6 эксперыментальных пляцовак праекта “Школа, свабодная ад гвалту”, развіццё платформы ініцыятывы “Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам” з мэтай нацыянальнай лакалізацыі Мэтаў ўстойлівага развіцця, а таксама стварэнне 6 абласных рэсурсных цэнтраў маладзёжных ініцыятыў “Прыступкі”.
Працягнецца сумесная праца па пераходзе да інклюзіўнай адукацыі. Цяпер распрацоўваюцца навуковыя падыходы да яе зместу, праводзіцца эксперыментальная работа, накіраваная на развіццё інклюзіўных працэсаў у адукацыі. У сакавіку 2017 года пры падтрымцы ЮНІСЕФ на базе Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка быў адкрыты Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі. Сёлета будуць створаны і некалькі рэгіянальных рэсурсных цэнтраў. Што да далейшага ўдасканалення работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у гэтым годзе будзе асаблівая ўвага ўдзелена дзецям з аўтызмам. Прадстаўнік Дзіцячага Фонда ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар прапанаваў у гэтым годзе перагледзець ролю і эфектыўнайсць Цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, якіх у краіне146, і разгледзець магчымасці для іх аптымізацыі.
Працягнецца работа і па павышэнні фінансавай адукаванасці, прычым плануецца пераход ад невялікіх разавых мерапрыемстваў да сістэмнай работы. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена выхаванцам інтэрнатных устаноў, якія не маюць практыкі грашовых аперацый. У бліжэйшы час будзе падпісана пастанаўленне аб павелічэнні сродкаў, якія будуць выдзяляцца ім на кішэнныя расходы.
0279.jpgУдзельнікі сустрэчы выказалі ўпэўненасць, што падпісанне і рэалізацыя новага плана супрацоўніцтва прынясе канкрэтны вынік у інтарэсах дзяцей.

Святлана НІКІФАРАВА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вернуться к списку новостей