Министерство образования Республики Беларусь

Лагер, у якога ёсць душа

Опубликовано: 13.08.2018

Лагер, у якога ёсць душа

Апошні летні месяц падыйшоў да свайго экватару, пачаўся зваротны адлік да восені, у прыродзе ўсё больш прыкмет набліжэння залатой пары. Але ў летніх лагерах па-ранейшаму горача і весела: сонечныя промні залацяць скуру, ветрык і кроплі вады дораць прахалоду, звонкія дзіцячыя галасы гучна запаўняюць асяроддзе. Свой трыццаць першы аздараўленчы сезон гэтым летам праводзіць і лагер “Барок”.

1.jpg

Усё лепшае  - дзецям

Напрыканцы жніўня лагер адзначае  свята -  дзень нараджэння.

Размясціўся лагер на сямнаццаці з паловай гектарах зямлі ў прыгожым куточку Валожыншчыны. Назва ў яго такая ж, як і ў вёскі, побач з якой ён знаходзіцца. Цэнтральную пляцоўку, на якой размешчаны жылыя,  гаспадарчыя і адміністратыўныя збудаванні  з усіх бакоў абдымае лясны масіў.

Сваім выхаванцам лагер прапаноўвае добрыя ўмовы. Жывуць дзецi ў чатырох двухпавярховых цагляных карпусах як калідорнага, так і блокавага тыпаў, а таксама ў трохпавярховым доме гасцінічнага тыпу. Карпусы забяспечаны гарачай вадой - за тэрыторыяй лагера знаходзіцца сучасная кацельня, якая працуе на газе і была мадэрнізавана ў 2013 годзе. Сёння яна  забяспечвае не толькі  “Барок”, а таксама і бліжэйшыя аздараўленчыя лагеры.

 “Барок” гатоў прыняць каля 600 чалавек за раз, якія ўваходзяць у склад 15 атрадаў. На кожным паверсе корпуса знаходзіцца два атрады, з агульным гульнявым пакоем, дзе можна праводзіць вольны час у выпадку дажджлівага надвор'я. Усяго за летні перыяд падчас чатырох змен тут аздараўліваюцца 2368 дзяцей.

Асаблівая ўвага  надаецца бяспецы. Уся тэрыторыя абгароджана плотам, вядзецца відэаназіранне, кругласутачна працуюць вартаўнікі. На стражы дзіцячага здароўя – медпункт, які таксама дзейнічае кругласутачна. У штаце медыцынскіх работнікаў – урач, тры медыцынскія сястры і санітарка.

Тое, што ежа ў “Барку” смачная, скажа кожны выхаванец лагера. За гэта “дзякуй” супрацоўнікам сталовай. У адпаведнасці з нормамі арганізавана пяціразовае збалансаванае харчаванне. Штодня ў меню прысутнічае мяса, гародніна, садавіна, сокі. У сталовай ёсць усё неабходнае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне для арганізацыі харчавання.

Найвышэйшая ўзнагарода – любоў дзяцей – у лагера, безумоўна,  ёсць. Але ёсць і іншыя. “Барок” з'яўляецца адным з лідараў па колькасці аздараўліваемых дзяцей у Мінску і самым буйным лагерам у Фрунзенскім раёне сталіцы. Тут забяспечваюць высокую якасць работы. Гэта пацвярджаюць разнастайныя ўзнагароды. Штогод па выніках летняй аздараўленчай кампаніі  “Барок” адзначаецца граматамі і дыпломамі на рэспубліканскім узроўні, як адзін з лепшых аздараўленчых лагераў краіны. Так, у 2015 годзе  ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку  “Зробім лета ярчэй” ён атрымаў спецыяльны прыз Міністэрства адукацыі за ярка выяўленую грамадзянска-патрыятычную накіраванасць і ўдастоены Гранта Мінгарвыканкама. Па выніках летняй аздараўленчай кампаніі 2017 года на гарадской педканферэнцыі калектыў установы быў узнагароджаны Ганаровай граматай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама за дасягнутыя высокія вынікі ў працы, творчы падыход да навучання і выхавання падрастаючага пакалення і прафесійнае майстэрства. Па выніках гарадскога агляду-конкурсу на лепшы загарадны аздараўленчы лагер “Барок” заняў II месца., а ў рамках правядзення гарадскога прафілактычнага праекта “Ваш выбар” па фарміраванні ў падлеткаў здаровага ладу жыцця ў 2017 годзе   – ІІІ месца.

Не меньш актыўнае і спартыўнае жыццё лагера. Кожны дзень у “Барку” пачынаецца з танцавальнай зарадкі.  Вясёлыя скокі пад сучасныя хіты дораць добры настрой і энергію на новы дзень. Зарадка дае старт і ўсім спартыўным падзеям, якія адбываюцца штодня. 

На тэрыторыі лагера ёсць футбольнае поле стандартных памераў з трыбунамі для гледачоў, 2 валейбольныя пляцоўкі, баскетбольная пляцоўка з бяспечным ахоўным пакрыццём, міні-футбольныя палі, спартыўныя і гульнявыя комплексы. Сёлета з’явіліся батуты, якія ніколі не пустуюць, пачаў працаваць пункт пракату спартыўнага абсталявання, дзе можна ўзяць ролікі, самакаты, веласіпеды.

Дзеці сустракаюцца на полі, каб вызначыць мацнейшых у футболе, валейболе, баскетболе, бяруць удзел у чэмпіянатах, спартыўных эстафетах. Асабліва падабаюцца ўсім спартыўныя гульні, як, напрыклад “Капітошка”, у якой каманды з дапамогай нацягнутых пакрывалаў перакідваюцца паветраным шарыкам, напоўненым вадой,

Традыцыяй у “Барку” стала правядзенне Малых Алімпійскіх гульняў. Легкаатлетычныя спаборніцтвы вызначаюць чэмпіёнаў, якія ўзнімаюцца на п’едэстал гонару. Лепшыя вынікі заносяцца ў “Кнігу рэкордаў” лагера.

Цікавы для ўсіх, карысны для кожнага

“Барок” працуе з улікам усіх сучасных тэндэнцый у аздараўленні, імкнецца быць месцам, прывабным для дзяцей з рознымі цікаўнасцямі і захапленнямі.

Так, для аматараў турызму штогод на тэрыторыі ўстановы арганізуюцца палатачныя лагеры. У гэтым годзе ўжо прайшлі чатыры дзевяцідзённыя змены. Таксама на базе  аздараўленчага лагера “Барок” арганізоўваюцца спартыўна-аздараўленчыя лагеры: юныя стралкі, гульцы ў воднае пола, гімнасты, хакеісты і футбалісты адпачываюць , адначасова ажыццяўляючы трэніровачны працэс. Арганізоўваюцца і лагеры па профілях і напрамках дзейнасці, напрыклад, профільны праект “Акадэмія аніматараў” з праграмай дадатковай адукацыі для падлеткаў з творчымі здольнасцямі.

13.JPG

Рух наперад: з самааддачай, з аганьчыкам!

Да свайго 31 дня нараджэння лагер прыйшоў з пэўнымі дасягненнямі – тут утульна і прыгожа, дзеці любяць гэта месца, а бацькі адпраўляюць іх сюды са спакойным сэрцам. За ўсім гэтым,  безумоўна, – вялікая чалавечая праца. 

–  У нас ёсць сапраўдная каманда! – з гонарам за сваіх калег кажа начальнік лагера Аляксандр Аляксандравіч Янкавец.  –  Каманда маладых, ініцыятыўных, крэатыўных людзей, гатовых дарыць дзецям любоў, укладваць свае сілы і талент у рэалізацыю ідэй і праектаў. Толькі дзякуючы такой камандзе магчыма рухацца наперад. Мы разам робім агульную вялікую справу.

У камандзе лагера 165 чалавек. 35 з іх працуюць круглы год. Большасць важатых тут  не першы раз. Рады  ў “Барку” і навічкам – прадстаўнікам педагагічных атрадаў. Традыцыйна сюды прыязджаюць працаваць важатымі студэнты БДПУ імя М. Танка, МДЛУ. Сёлета ўпершыню лагер супрацоўнічаў з прадстаўнікамі БРСМ Фрунзенскага раёна Мінска, навучэнцамі індустрыяльна-педагагічнага каледжа. І невядома як – ці гэта атмасфера “Барка” станоўча ўдзейнічае на ўсіх, ці лагеру проста шанцуе – усе працуюць годна, з самааддачай, з агеньчыкам.

Спыняцца на дасягнутым тут не збіраюцца.. Бесперапынна развівацца, удасканальвацца, вучыцца новаму – толькі так можна дасягнуць выніку. Пра гэта пастаянна нагадвае кіраўнік лагера сваім калегам. І сёння ў іх мноства планаў. Напрыклад, правесці наступным летам не чатыры, а пяць змен. А яшчэ ўстанова ўжо прайшла атэстацыю і ў хуткім часе стане не проста аздараўленчым лагерам, але паўнавартасным комплексам, што дазволіць аздараўліваць дзяцей не толькі летам. Ужо гэтай восенню плануецца арганізаваць першую “пазалетнюю” змену. Але галоўнае ў планах ў “Барка” – заставацца любімым месцам дзіцячага адпачынку.

* * *

Карыстаюцца попытам у дзяцей і іх бацькоў лагеры працы і адпачынку. Сёлета папрацавалі і адпачылі ўжо 13,3 тысяч непаўналетніх. У ЛПА навучэнцы займаюцца  добраўпарадкаваннем тэрыторыі, афарбоўкай, рамонтам вучэбных кабінетаў, школьнай мэблі,  праполкай сельскагаспадарчых культур, лясных саджанцаў, пабелкай пладовых дрэў, пашывам спецадзення, пасцельнай бялізны, абрусаў, сурвэтак, вырабам сувеніраў і інш. Сярэдняя заработная плата дзяцей складае ад 80,0 да 220,0 рублёў у залежнасці ад колькасці працоўных дзён і формы арганізацыі лагера працы і адпачынку.

На працягу апошніх гадоў надаецца пільная ўвага падлеткам, якія стаяць на прафілактычным уліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх, і тым, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Штогод рознымі формамі занятасці і аздараўлення ахоплена каля 98 працэнтаў дзяцей гэтых катэгорый. Больш за 15 000 такіх выхаванцаў прайшлі аздараўленне ў лагерах у чэрвені-ліпені

У апошнія гады пашырыўся пералік прапанаваных профіляў і накірункаў дзейнасці, у тым ліку і за кошт лагераў для высокаматываваных дзяцей, юных эколагаў, юных археолагаў і інш. З мэтай папулярызацыі педагагічных прафесій павялічылася колькасць профільных валанцёрскіх лагераў для дзяцей, якія выяўляюць цікавасць да педагагічнай дзейнасці. Усяго ў лагерах па профілях, напрамках дзейнасці ў чэрвені-ліпені пабывалі 133,6 тысяч дзяцей.

Сёлета ў Беларусі задзейнічала 6072 аздараўленчых лагера: 1553 з кругласутачным знаходжаннем і 4519 з дзённым знаходжаннем. У тым ліку - 146 стацыянарных загарадных лагераў з кругласутачным знаходжаннем. Паводле аператыўнай інфармацыі, за два месяцы лета ўжо прайшлі аздараўленне 299,5 тысяч дзяцей у лагерах усіх тыпаў, а гэта 79,2 працэнтаў ад запланаванай колькасці. З іх 195,6 тысяч дзяцей пабывалі ў лагерах з дзённым знаходжаннем і 103,9 тысячы – у кругласутачных летніках. Адпачылі і аздаравіліся за гэты час і 3,2 тысячы дзяцей-інвалідаў.

Беларусь актыўна запрашае на аздараўленне хлопчыкаў і дзяўчынак з іншых краін. Штогод аздараўленне ў НДЦ “Зубраня” праходзяць школьнікі з Сірыі, а таксама дзеці з японскіх прэфектур Фукусіма і Міягі, пацярпелыя ў выніку выбуху на АЭС “Фукусіма” і разбуральнага цунамі. Зараз на аздараўленні ў НДЦ “Зубраня” знаходзіцца дэлегацыя з Японіі - да берагоў Нарачы прыехалі 32 дзіцяці і 8 суправаджаючых.

Дар’я Рэва для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі Фота аўтара і АЛ “Барок”
Вернуться к списку новостей