Министерство образования Республики Беларусь

Чакаем узнагарод!

Опубликовано: 02.05.2018

DSC_8918_1.jpgУ Мінскай ратушы прайшлі ўрачыстыя провады беларускай каманды на XVII Сусветную летнюю гімназіяду, якая пройдзе з 3 па 9 мая ў Марока. Маштабныя спаборніцтвы сабралі юных спартсменаў з 82 краін свету. Рэспубліку Беларусь прадставяць 42 школьнікі-спартсмены ў 7 відах спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, бокс, вольная барацьба, фехтаванне, мастацкая гімнастыка і тэніс).
— Цяжка ўявіць сістэму адукацыі без спорту, без фізічнай культуры. Яны сталі неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Наш удзел у руху гімназічнага спорту — гэта таксама важны складнік сістэмы адукацыі. Мы не першы раз удзельнічаем у сусветнай гімназіядзе. Нядаўна ўрачыста адпраўлялі беларускую дэлегацыю на зімовую гімназіяду, дзе наша каманда годна выступіла. Вы дасягнулі высокіх вынікаў і дабіліся гонару прадстаўляць нашу краіну на такім прэстыжным форуме. Няхай гэта не Алімпійскія гульні, аднак гімназіяда — гэта чарговая прыступка на вашым шляху да важных будучых дасягненняў. Вы едзеце на гімназіяду не толькі ўдзельнічаць у спаборніцтвах, вы павінны будзеце расказаць пра Беларусь, як у ёй любяць і шануюць спорт, як робяць усё магчымае, каб у нашай моладзі была магчымасць займацца фізкультурай і спортам, каб фарміраваць устойлівую патрэбнасць у здаровым ладзе жыцця. Няхай старты на гімназіядзе прынясуць вам медалі. Перакананы, што наша каманда здольна годна прадставіць нашу рэспубліку і сабраць у скарбонку чарговыя ўзнагароды, — звярнуўся да юных спартсменаў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.
Пасля адбылася ўрачыстая перадача дзяржаўнага сцяга капітану каманды - навучэнцу Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву сярэбранаму прызёру летняга Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю па лёгкай атлетыцы Сяргею Дзямбіцкаму, а таксама навучэнцы Гомельскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы Хрысціне Канцавенка.
— У гэтай зале сабраны лепшыя прадстаўнікі школьнага спорту Рэспублікі Беларусь. Уявіце, колькі ў Беларусі навучэнцаў, а менавіта вам выпаў гонар прадстаўляць краіну. Гэта і высокі гонар, і высокая адказнасць. Жадаю, каб наш гімн як мага часцей гучаў на гімназіядзе, каб кожны з вас паказаў, на што ён здольны, а можа нават і больш. Каб кожны з вас, хто ўпершыню прымае ўдзел у такіх спабоніцтвах, яшчэ неаднойчы адчуў смак перамогі на розных спаборніцтвах рэспублікі, Еўропы, свету, Алімпійскіх гульнях. Магчыма, адсюль у вас пачнецца ўзыходжанне на вялікі Алімп, куды ўзыходзілі нашы праслаўленыя спартсмены. Жадаю, каб у вас усё атрымалася, таму што спорт — гэта і вялікая палітыка, і вялікая ідэалогія, гэта і сяброўства, гэта і мір, і спаборніцтвы, гэта і вынікі. Мы трэці раз удзельнічаем у летняй гімназіядзе. На першай выйгралі чатыры медалі, на другой 14, аднак тады ездзіла 14 чалавек. Сёння ў нас у тры разы больш прадстаўнікоў. Думаю, што гэтая колькасць павінна перарасці ў якасць, — адзначыў у прывітальным слове міністр спорту і турызму Сяргей Міхайлавіч Кавальчук.
У нашай краіне створаны належныя ўмовы для заняткаў спортам, дасягнення высокіх вынікаў. Жадаем нашым хлопцам і дзяўчатам годна прадставіць вынікі сваёй працы і працы сваіх трэнераў, бацькоў, годна прадставіць на міжнароднай арэне Беларусь. Чакаем узнагарод!

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Вернуться к списку новостей