Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Беларусь-Інданезія: адносіны набываюць характар актыўнага партнёрства

Опубликовано: 14.11.2018

bsu2.jpg

У Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылося падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам даследванняў, тэхналогій і вышэйшай адукацыі Рэспублікі Інданезія. На сустрэчы з інданезійскай дэлегацыяй па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі прысутнічалі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь С.В.Руды, міністр даследаванняў, тэхналогій і вышэйшай адукацыі Рэспублікі Інданезія Махамад Насір, іншыя ганаровыя асобы.
IMG_2613.jpg

С.В.Руды, звяртаючыся да гасцей, выказаў словы падзякі за візіт інданезійскай дэлегацыі ў Беларусь з мэтай умацавання адносін паміж краінамі ў сферы адукацыі.
— Падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні з’яўляецца знакавай падзеяй для абедзвюх краін, — адзначыў Сяргей Валянцінавіч.—Нашы адносіны набываюць характар актыўнага партнёрства, якое аказвае станоўчы ўплыў на пашырэнне і ўмацаванне ўзаемавыгадных адносін.
Намеснік міністра падкрэсліў, што ў папярэднія гады Беларусь імкнулася да адкрытага прадуктыўнага дыялогу з Інданезіяй. Асабліва гэта тычыцца наладжвання дзелавых і сяброўскіх адносін у сферы вышэйшай адукацыі. Нарматыўная прававая база ўзаемадзеяння з Рэспублікай Інданезія сфарміравана і вызначае прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва. Цяпер заключана шэсць прамых міжуніверсітэцкіх дагавораў паміж вядучымі ўніверсітэтамі Беларусі і Інданезіі.
С.В.Руды выказаў прапанову аб пашырэнні ўзаемадзеяння паміж універсітэтамі дзвюх краін, а таксама тэматыкі супрацоўніцтва. Гэта тычыцца наладжвання сумеснай даследчай і выдавецкай дзейнасці, арганізацыі акадэмічнай мабільнасці, рэалізацыі двухбаковых навукова-тэхнічных і адукацыйных праектаў. Намеснік міністра адукацыі падкрэсліў, што падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні паспрыяе больш інтэнсіўнаму супрацоўніцтву паміж краінамі ў сферы адукацыі. Мемарандум прадугледжвае далейшае развіццё прамых сувязей паміж установамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін, абмен інфармацыяй, якая тычыцца розных аспектаў адукацыйнай дзейнасці, у тым ліку па пытаннях, якія звязаны з прызнаннем дакументаў аб адукацыі. Гэты дакумент паспрыяе абмену вучэбна-метадычнымі матэрыяламі, інфармацыйнымі рэсурсамі, а таксама арганізацыі і правядзенню сумесных семінараў, канферэнцый па абмену вопытам.
Працягваючы размову, Махамад Насір, міністр даследаванняў, тэхналогій і вышэйшай адукацыі Рэспублікі Інданезія, падтрымаў намеры беларускага боку ў развіцці супрацоўніцтва паміж краінамі.Кіраўнік дэлегацыі падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца надзейным партнёрам, і выказаў пажаданне абменьвацца вопытам ў развіцці адукацыйнай галіны.
—Наша сістэма адукацыі скіравана на высокаякасную падрыхтоўку кадраў, асабліва для высокатэхналагічнай вытворчасці, — адзначыў Махамад Насір.— І нам вельмі патрэбны перадавыя тэхналогіі, каб зрабіць гэтую падрыхтоўку найбольш дасканалай. Вопыт беларускіх калег, безумоўна, стане для нас істотнай падтрымкай.
Рэктар БДУ А.Д. Кароль расказаў гасцям аб развіцці вядучага ўніверсітэта краіны і пазнаёміў з вучэбна-матэрыяльнай базай навучальнай установы.

Ала КЛЮЙКО для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вернуться к списку новостей