Министерство образования Республики Беларусь

Алімпіяда Саюзнай дзяржавы пачалася ў Мінску

Опубликовано: 30.10.2017

Сёння на базе сярэдняй школы № 61 Мінска прайшоў першы абавязковы тур алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Удзельнікі пісалі сачыненне.
1O9A1039-900x600.jpg

Старт алімпіядзе быў дадзены ў нядзелю, калі адбыўся заезд удзельнікаў, іх экскурсія ў планетарый Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, сустрэча з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Учора ўдзельнікі алімпіяды прынялі ўдзел у грамадзянска-патрыятычнай акцыі “Гэтая памяць усёй Зямлі патрэбна”, што прайшла на плошчы Перамогі.
У алімпіядзе ўдзельнічаюць навучэнцы 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 31 рэгіёна Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Першы (адборачны) этап алімпіяды праводзіўся да 10 кастрычніка ва ўсіх абласцях Рэспублікі Беларусь, Мiнску, у тым ліку ў Ліцэі БДУ, суб’ектах Расійскай Федэрацыі.
Склад каманд-удзельніц заключнага этапу алімпіяды (па 6 прадстаўнікоў ад рэгіёна) фарміруецца з ліку пераможцаў адборачнага этапу і вызначаецца органамі кіравання адукацыяй рэгіёнаў, якія ўдзельнічаюць у алімпіядзе. У заключным этапе спаборніцтва ўдзельнічаюць 186 беларускіх і расійскіх школьнікаў.
Асноўная мэта алімпіяды — умацаванне сяброўскіх сувязей моладзі Беларусі і Расіі, развіццё супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі Беларусі і Расіі, павышэнне цікавасці вучняў да вывучэння літаратурнай спадчыны краін, культурных традыцый двух брацкіх народаў, развіццё творчых здольнасцей падлеткаў.
1O9A0808.jpg

Арганізатарамі алімпіяды з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. Фінансаванне ажыццяўляецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.
Пляцоўкамі для правядзення алімпіяды сталі сталічныя гімназія № 7 і сярэдняя школа № 61. Праграма заключнага этапу алімпіяды ў Мінску прадугледжвае правядзенне абавязковых тураў: комплексную работу па рускай мове і літаратуры, напісанне сачынення, а таксама творчыя выпрабаванні — рытарычнага майстэрства і знаўцаў.
У склад журы ўвайшлі вядомыя беларускія і расійскія вучоныя, вядучыя выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, настаўнікі-практыкі.
Запланавана вялікая культурная, экскурсійная праграма, якая дапаможа навучэнцам, перш за ўсё расійскім, азнаёміцца з гістарычным мінулым і культурнымі традыцыямі беларускага народа. У прыватнасці, удзельнікі алімпіяды наведаюць Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”.
Усім навучэнцам будуць уручаны дыпломы ўдзельніка і памятныя сувеніры, пераможцы алімпіяды будуць узнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі, каштоўнымі прызамі і падарункамі. Урачыстае закрыццё алімпіяды адбудзецца 3 лістапада.

Вольга БАРЫСЕВІЧ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вернуться к списку новостей