Министерство образования Республики Беларусь

Адкрыты да супрацоўніцтва

Опубликовано: 02.08.2018

DSC_8553_1.jpg

Міністр адукацыі І.В.Карпенка сустрэўся з Дэлегацыяй Парламенцкага форуму па сувязях з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы федэральнай зямлі Саксонія (ФРГ). Дэлегацыю ўзначаліў Себасціян Гемкау, Дзяржаўны міністр юстыцыі федэральнай зямлі, дэпутат Ландтага Саксоніі. У склад дэлегацыі акрамя парламентарыяў увайшлі прадстаўнікі дзелавых колаў і грамадскіх арганізацый Германіі. На сустрэчы прысутнічаў Дэтмар Пэтэр, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь. З беларускага боку ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі галіновага міністэрства нашай краіны.
DSC_8568_1.jpg

У пачатку сустрэчы І.В.Карпенка звярнуўся да гасцей з цёплымі прывітальнымі словамі і выказаў намер абмеркаваць новыя напрамкі супрацоўніцтва ў эканамічнай і адукацыйнай сферы паміж краінамі. Як адзначыў міністр, Беларусь заўжды адкрыта да ўзаемадзеяння з іншымі краінамі, а тым больш калі гэтае супрацоўніцтва мае станоўчую дынаміку і спрыяе развіццю саміх краін і іх народаў. Беларусь і Саксонію звязваюць даўняя дружба і цесныя прадуктыўныя сувязі ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах.
DSC_8598_1.jpg

Ігар Васільевіч нагадаў, што стасункі паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Германія ў галіне адукацыі ажыццяўляюцца на падставе міжурадавага пагаднення аб культурным супрацоўніцтве, у якім закладзены шэраг палажэнняў, дзе забяспечана двухбаковае развіццё супрацоўніцтва па самых актуальных напрамках.
Непасрэдна паміж навучальнымі ўстановамі, навуковымі арганізацыямі дзвюх краін на сённяшні дзень заключана больш за 95 прамых дагавораў. Найбольш актыўна ажыццяўляюць супрацоўніцтва з установамі адукацыі і навуковымі арганізацыямі Германіі такія ўстановы, як БДУ, БрДТУ, БДАТУ і інш.Так, напрыклад, БДУ актыўна супрацоўнічае з 3 установамі адукацыі федэральнай зямлі Саксонія, сярод якіх Універсітэт прыкладных навук г. Мітвайда, Дрэздэнскі тэхнічны ўніверсітэт, Лейпцыгскі ўніверсітэт. Адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва з’яўляецца ўдзел БДУ ў Праграме развіцця эканамічных сувязей малога і сярэдняга бізнесу Саксоніі з беларускімі прадпрыемствамі.
Ігар Васільевіч нагадаў, што наша краіна з’яўляецца паўнавартасным членам Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, ідзе па шляху міжнародных тэндэнцый у развіцці вышэйшай школы, вядзе падрыхтоўку кадраў з улікам сучасных патрабаванняў сацыяльна-эканамічнага комплексу нашай краіны. У сферы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларусь назапасіла істотныя здабыткі і таксама шырока выкарыстоўвае міжнародны вопыт. Так, у прыватнасці для павышэння якасці падрыхтоўкі кадраў Беларусь прымае актыўны ўдзел у міжнародным руху WorldSkills і дасягнула ў гэтым істотных вынікаў. Як адзначыў І.В.Карпенка, было б мэтазгодным забеспячыць інфармацыйны абмен паміж дзвюма краінамі па пытаннях прафесійна-тэхнічнай адукацыі, рэалізацыі асноўных прынцыпаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Перспектыўнымі напрамкамі двухбаковага супрацоўніцтва міністр лічыць вывучэнне мовы і культуры абедзвюх краін, абмен студэнтамі і выкладчыкамі, распрацоўку сумесных навукова-даследчых праектаў, адукацыйных праграм і інш. Як вядома, Беларусь мае істотныя дасягненні ў развіцці IT-індустрыі, што пацвярджае пераход эканомікі на лічбавы ўзровень. Себасціян Гемкау разам з іншымі членамі дэлегацыі выказаў жаданне ўмацоўваць супрацоўніцтва, рэалізоўваць новыя напрамкі на карысць абедзвюм краінам.
Дэлегацыя з Германіі пазнаёмілася з вучэбнай базай і адукацыйным працэсам БДПУ імя М.Танка. Рэктар універсітэта А.І.Жук расказаў гасцям аб новых праектах, у якіх удзельнічаюць будучыя педагогі.

Ала КЛЮЙКО для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вернуться к списку новостей