Министерство образования Республики Беларусь

Адбылося адкрыццё чэмпіяната WorldSkills Abu Dhabi 2017

Опубликовано: 16.10.2017

Разам з удзельнікамі каманды ў колькасці 27 канкурсантаў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты прыбылі эксперты, прадстаўнікі навучальных устаноў, органаў кіравання адукацыяй нашай краіны, у прыватнасці, першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш і міністр прамысловасці В.М.Вовк. Яны прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па тэме фарміравання працоўных рэсурсаў і развіцця прафесійнай адукацыі на бліжэйшую перспектыву.
1.jpg

У час цырымоніі адкрыцця чэмпіянату над небам Абу-Дабі ўзняўся наш дзяржаўны сцяг, які пранёс на чале калоны капітан беларускай зборнай Дзмітрый Пескароў. Гаспадары чэмпіянату стварылі пранікнёнае свята, як кажуць, з высокім градусам. На адкрыцці чэмпіянату, як правіла, дэманструюцца навейшыя тэхналогіі, якія прымяняюцца сёння ў сучаснай эканоміцы. Акрамя гэтага, краіна-гаспадыня чэмпіянату імкнецца пазнаёміць сваіх гасцей са сваёй гісторыяй развіцця і фарміравання працоўных рэсурсаў, пачынаючы ад традыцыйных старажытных рамёстваў і заканчваючы сучаснымі высокімі тэхналогіямі. У свеце сёння ўсё больш і больш надаецца ўвагі развіццю прафесійнай адукацыі, падрыхтоўцы высокакласных рабочых і спецыялістаў, у якіх мае патрэбу сучасная высокатэхналагічная вытворчасць.Таму да гэтага руху падключаюцца ўсё новыя і новыя краіны. На адкрыцці гэтага чэмпіяната прысутнічалі як шматколькасныя каманды з краін, якія маюць магутную эканоміку, так і каманда, у склад якой уваходзіў толькі адзін чалавек. Сайман Бартлі, прэзідэнт WorldSkills International у прывітальным слове да ўдзельнікаў чэмпіянату назваў яго не толькі спаборніцтвам, але і маладзёжным форумам, які не мае межаў і акутвае сваім крылом маладых прафесіяналаў усяго свету.
5.jpg

Выставачны цэнтр Adnes, дзе распачаўся на гэтых днях чэмпіянат, на сваёй плошчы больш за 21500 кв.м умяшчае сотні конкурсных пляцовак у залежнасці ад колькасці прафесійных кампетэнцый. Увогуле, гэты цэнтр прымае штогод каля 2 мільёнаў наведвальнікаў. На кожнай пляцоўцы чэмпіяната спецыяльна абсталявана месца для канкурсантаў, сканцэнтравана самае сучаснае абсталяванне. Многія з пляцовак загароджаны шклом, і толькі праз яго можна паназіраць, як будуць спраўляцца з заданнем канкурсанты.
У першы конкурсны дзень канкурсанты з усіх краін толькі распачыналі сваю работу па кожнай з кампетэнцый. Таму пра лідэрства таго ці іншага канкурсанта гаварыць яшчэ рана. Наперадзе складаныя заданні, многія з якіх будуць выконвацца наватна працягу некалькі дзён. Рэктар РІПА В.М.Галубоўскі паведаміў, як праходзілі папярэднія дні падрыхтоўкі да конкурсу. Кожная з пляцовак, якая прызначана для дэманстрацыі прафесійных навыкаў, аснашчалася неабходным абсталяваннем, сыравінай, канкурсанты прывыкалі да свайго рабочага месца, рыхтавалі сябе псіхалагічна, паўтаралі свае тэарытычныя веды і практычныя навыкі.
Эксперты за час прыбывання на чэмпіянаце прынялі ўдзел у абмеркаванні новых конкурсных заданняў, якія мяркуецца прапанаваць канкурсантам наступнага чэмпіяната, ён пройдзе ў Казані (Расійская Федэрацыя) у 2019 годзе. Акрамя таго, на сёлетнім чэмпіянаце нашы эксперты падымаюць свой статус. Яны ўжо не толькі заваявалі ганаровае месца ў міжнародным экспертным супольніцтве, але і прэтэндуюць выступіць у ролі міжнародных суддзяў на нацыянальных чэмпіянатах па запрашэнні іншых краін.
У шумным натоўпе чэмпіянату можна сустрэць, як кажуць, родныя твары. Інэса Леанідаўна Кузьміна, дырэктар Мінскага прафесійнага ліцэя №5 транспартнага будаўніцтва прыляцела ў Абу-Дабі падтрымаць трох сваіх выхаванцаў з ліку канкурсантаў і двух экспертаў. Ліцэй рыхтуе кадры па будаўнічых і па электратэхнічных прафесіях. Для чэмпіянату Дзмітрый Расцюшэўскі, майстар вытворчага навучання, рыхтаваў канкурсантаў па кампетэнцыях “Мэблевая вытворчасць” і “Сталярныя работы”, а майстар вытворчага навучання Уладзімір Дудараў -“Каменныя работы”. Сярод іх выхаванцаў - канкурсанты Арцём Капуста, Іван Скорб, Андрэй Пяткоўскі. Як расказаў Дзмітрый Расцюшэўскі, ў кампетэнцыі “Каменныя работы” заданне было выдадзена, як “Чорная скрыня” - яго змест стаў вядомы толькі перад пачаткам спаборніцтва. А ў заданне па мэблевай вытворчасці карэктывы былі ўнесены ў памеры 40 працэнтаў, па сталярных работах – 64. Арцём Капуста на конкурсе павінен зрабіць 2D аконную раму на працягу 11 гадзін. А другое яго заданне: 3D праект – трыбуна, яго патрэбна выканаць таксама за 11 гадзін. Іван Скорб будзе выконваць драўляную тумбачку на працягу 22 гадзін.
Мінскі ліцэй №5 прадаставіў матэрыяльную базу, абсталяванне і свае педагагічныя кадры ў падрыхтоўцы канкурсантаў. У гэтым працэсе дапамагалі іншыя аднапрофільныя навучальныя ўстановы прафесійнай адукацыі. І.Л.Кузьміна плануе падрыхтаваць навучэнца з ліцэя для ўдзелу ў прафесійнай кампетэнцыі “Электратэхнічныя работы” у нацыянальным чэмпіянаце ў наступным годзе. Інэса Леанідаўна адзначыла, што падрыхтоўка да чэмпіянату такога ўзроўню павінна быць не самамэтай для навучальнай установы. Галоўнае, укараніць у вучэбны працэс міжнародныя стандарты WorldSkills, што, безумоўна, станоўча паўплывае на якасць прафесійнай адукацыі нашай краіны.

3.jpg   

Ала КЛЮЙКО для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі
Вернуться к списку новостей