МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

З надзеяй на ўмацаванне адносін

Апублікавана: 03.04.2018

DSC_1324.jpg

У ходзе рабочага візіту ў Беларусь Міністра па справах палаца Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Мансура Азама дэлегацыя з Сірыі наведала Міністэрства адукацыі нашай краіны і сустрэлася з міністрам адукацыі І.В. Карпенка.

DSC_1304.jpg

У сустрэчы прынялі ўдзел Басам Абдуль Маджыд, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, А.Л. Панамароў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі нашай краіны.
На пачатку размовы міністр адукацыі Беларусі Ігар Васільевіч Карпенка шчыра павітаў сірыйскую дэлегацыю на чале з Міністрам па справах палаца Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Мансурам Азамам. Выказваючы цёплыя словы салідарнасці з народам Сірыі, Ігар Васільевіч адзначыў, што сёння Сірыйская Арабская Рэспубліка нарэшце пераходзіць на мірны лад жыцця, а гэта дае надзею на тое, што адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва Сірыі і Беларусі, якія ахопліваюць многія сферы, а не толькі гуманітарную. Як вядома, Беларусь аказвала істотную гуманітарную дапамогу Сірыі ў час ваенных дзеянняў на яе тэрыторыі, прадастаўляла прадукты харчавання, лекі, вопратку і абутак, грузавыя аўтамабілі. Але падтрымка з боку беларускага народа была не толькі матэрыяльнай, але і маральнай. У мінулым годзе 80 сірыйскіх дзяцей, якія страцілі сваіх бацькоў у час вайны,прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне, а таксама пазнаёміліся з самой краінай, зведалі яе гісторыю і культуру, адчулі на сабе душэўную шчодрасць беларусаў.
І.В. Карпенка нагадаў, што зносіны ў сферы адукацыі паміж краінамі засноўваюцца сёння на міжурадавым пагадненні і мемарандуме паміж профільнымі міністэрствамі. У мэтах актуалізацыі супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі распрацавала праект Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Сірыйскай Арабскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі, падпісанне якога дазволіць істотна пашырыць узаемадзеянне паміж краінамі ў сферы вышэйшай школы. (У гэтым навучальным годзе ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі навучаецца 71 грамадзянін Сірыі. Нашы БДУ, БНТУ, БДУІР наладзілі кантакты з сірыйскімі універсітэтамі).
— Мы скіраваны на доўгатэрміновае, эфектыўнае, узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Сірыяй у сферы адукацыі і гатовы наладжваць кантакты па ўсіх накірунках дзейнасці,— адзначыў Ігар Васільевіч Карпенка.
Сярод іх — навучанне сірыйскіх грамадзян у беларускіх навучальных установах, пашырэнне міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва, павелічэнне навукова-даследчых праектаў, абмен студэнтамі і выкладчыкамі. Ігар Васільевіч заявіў пра гатоўнасць беларускага боку прадаставіць на дагаворнай аснове паслугі прафесійнай адукацыі па падрыхтоўцы ва ўстановах адукацыі Беларусі рабочых кадраў з ліку грамадзян Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ў галінах будаўніцтва, эксплуатацыі і рамонту аўтамабільнага транспарту, а таксама па іншых спецыяльнасцях пры наяўнасці канкрэтных заявак з сірыйскага боку.Міністр паведаміў, што для адкрыцця цэнтраў прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі кадраў на сірыйскай тэрыторыі беларускі бок можа прадаставіць адпаведныя вучэбна-метадычныя комплексы, забяспечыць падрыхтоўку майстроў вытворчага навучання, прадаставіць пералік абсталявання з неабходнай вучэбнай дакументацыяй. Для больш канкрэтнай дамоўленасці для супрацоўніцтва ў гэтым напрамку было б мэтазгодным наладзіць кантакты сірыйскіх калег з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі.
Ігар Васільевіч прапанаваў таксама супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі псіхолагаў, падзяліўся практыкай работы з адоранымі дзецьмі, новымі напрамкамі маладзёжнай палітыкі і пацвердзіў працяг супрацоўніцтва па адпачынку і аздараўленні сірыйскіх дзяцей ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У гэтым годзе плануецца арганізаваць аздараўленне ў Беларусі да 500 сірыйскіх дзяцей.
У адказ Міністр па справах палаца Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Мансур Азам выказаў сардэчную падзяку беларускаму народу за падтрымку народа Сірыі, асабліва за прадастаўленую магчымасць сірыйскім дзецям адпачываць і аздараўляцца ў Рэспубліцы Беларусь. Разам з тым, кіраўнік сірыйскай дэлегацыі выказаў намер пашырыць і ўзмацніць зносіны паміж краінамі ў адукацыйнай галіне з выкарыстаннем вопыту беларускіх калег.

Ала Клюйко для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вярнуцца да спісу навін