МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

З 400-гадовым юбілеем, “Слуцкія Афіны”!

Апублікавана: 03.02.2018

IMG_4923.jpg

3 лютага 2018 г. найстарэйшая школа Беларусі – гімназія № 1 г. Слуцка –– адзначыла 400-годдзе з дня заснавання.
Гімназія мае багатую гісторыю. У 1617 г. Янушам VI Радзівілам у Слуцку была адкрыта кальвінісцкая школа, якую ў тыя далёкія часы ўжо называлі “Слуцкія Афіны”, “узорная Слуцкая гімназія”. Мала таго, школа мела свой “Статут”, а гэта сведчыць аб тым, што ў пачатку XVII ст. цэнтр гуманістычнай педагагічнай думкі, па сутнасці, перамясціўся з Заходняй Еўропы ў Слуцк.У сценах школы кожнаму не толькі давалі вялікі аб’ём ведаў, але і вучылі галоўнаму – самастойна мысліць. Немагчыма пералічыць усіх вядомых вучоных, грамадскіх дзеячаў, дзеячаў літаратуры і мастацтва XVII – XX стагоддзяў, якім Слуцкая гімназія адкрыла дзверы ў жыццё. Сярод іх –беларускі асветнік І. Ф. Капіевіч, філосаф і паэт Ян Белабоцкі, байкапісец Альгерд Абуховіч, мастак К. І. Карсалін, дырэктар Маскоўскай абсерваторыі ў 60-я гады XIX ст. В. К. Цераскій, беларускі пісьменнік Я. Л. Дыла, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1949–1952 гг. І. С. Чымбург, эксперт у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў, доктар тэхнічных навук, выдатны навуковец і канструктар С. А. Косберг і многія іншыя.
IMG_4855.jpg

Сучасная гімназія № 1 г. Слуцка дастойна захоўвае традыцыі “Слуцкіх Афін” і мае вялікі аўтарытэт і станоўчы імідж на адукацыйнай прасторы не толькі нашай краіны, але і за яе межамі. Узаемаразуменне паміж калегамі, бескарыслівая адданасць педагагічнай справе, адкрытасць да супрацоўніцтва дапамаглі і педагогам, і вучням дасягнуць значных вынікаў. За апошнія 10 гадоў у гімназіі падрыхтавана 17 пераможцаў міжнародных алімпіяд па інфарматыцы, хіміі, рускай мове і літаратуры, 61 пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 6 – алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Вучні гімназіі атрымалі 20 дыпломаў на рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, 10 дыпломаў на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях вучняў і студэнтаў у Расійскай Федэрацыі, 10 дыпломаў на міжнароднай маладзёжнай навуковай канферэнцыі “Гагарынскія чытанні”. Пяцёра настаўнікаў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Па выніках работы за 2016 год гімназія стала лаўрэатам абласнога конкурсу “За дасягненні высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” сярод устаноў адукацыі, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў у намінацыі “Лепшая гімназія, ліцэй” (2-е месца).
Жадаем педагагічнаму калектыву найстарэйшай школы Беларусі моцнага здароўя, шчасця ў асабістым жыцці, верных сяброў, таленавітых вучняў і здзяйснення ўсіх пачынанняў!

Прэс-цэнтр Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін