МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Узаемна зацікаўлены

Апублікавана: 15.01.2018

У Міністэрстве адукацыі прайшла сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенка з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Арабскай Рэспублікі Егіпет у Расійскай Федэрацыі Іхабам Ахмедам Талаатам Насром, які выконвае дыпламатычную місію па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь і прыбыў у Мінск з нагоды ўручэння даверчай граматы Прэзідэнту нашай краіны і наведвання шэрагу міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, у тым ліку Міністэрства адукацыі.
Ігар Васільнвіч Карпенка шчыра павітаў пасла ў галіновым міністэрстве і падзякаваў за ўвагу, якую кіраўнік дыпламатычнай місіі праявіў да адукацыйнай галіны ў Беларусі і тым самым выказаў намер сваёй краіны наладжваць цеснае супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы адукацыі.
- Нядаўні візіт кіраўніка нашай дзяржавы ў краіны арабскага свету стварыў новую платформу для нарошчвання нашых сяброўскіх і дзелавых стасункаў, у тым ліку і ў сферы адукацыі, - адзначыў І.В.Карпенка. - Таму ў развіцці тых палітычных і эканамічных дамоўленасцей, якія былі дасягнуты на самым высокім узроўні, мы прыкладваем свае сілы для таго, каб нашы адносіны ў сферы адукацыі развіваваліся шпарчэй і выходзілі на новы ўзровень.
Для развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі існуе міжурадавае пагадненне. Для таго, каб яно паўнавартасна працавала ў плоскасці канкрэтных праектаў, міністэрства адукацыі распрацавала праграму супрацоўніцтва паміж урадамі дзвюх краін у сферы вышэйшай адукацыі на бліжэйшыя гады. Акрамя таго, улічваючы тое, што міністэрства адукацыі Беларусі вядзе пытанні маладзёжнай палітыкі, быў падрыхтаваны праект мемарандума аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам моладзі і спорту Арабскай Рэспублікі Егіпет па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне маладзёжнай палітыкі.
І.В.Карпенка засяродзіў увагу на ўзаемадзеянні паміж краінамі ў галіне дрэваапрацоўкі і падрыхтоўкі кадраў для гэтай сферы.Справа ў тым, што прадстаўнікі канцэрна “Беллесбудпрам”і БДТУ пабывалі ў Егіпце, дзе прадэманстравалі магчымасці айчыннай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў ў дрэваапрацоўчай прамысловасці.Па выніках гэтага візіту было прынята рашэнне з боку Егіпта накіраваць сваіх спецыялістаў для прафесійнай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі на базе нашага ўніверсітэта ў галіне дрэваапрацоўкі і вытворчасці мэблі.У адпаведнасці з запытамі егіпецкага боку у БДТУ падрыхтаваны праграмы курсаў для спецыялістаў з Егіпту па тэматыцы ў галіне дызайна,праектавання мэблі і лічбавага праграмнага кіравання абсталяваннем, якое належыць для вытворчасці мэблі, на англійскай мове тэрмінам на пару тыдняў.
Заслугоўвае ўвагі супрацоўніцтва паміж Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Табінскім металургічным інстытутам па стварэнні сумеснага інжынернага факультэта.
Міністр адукацыі адзначыў, што апошнім часам істотна актывізаваліся міжуніверсітэцкія сувязі паміж краінамі, што дазволіла выйсці на падпісанне канкрэтных дагавораў паміж УВА. На сённяшні дзень заключана ўжо 8 такіх дамоўленасцей. Вельмі важным напрамкам міністр лічыць развіццё экспарту адукацыйных паслуг, і з гэтай мэтай павелічэння колькасці грамадзян Арабскай Рэспублікай Егіпет, якія гатовы вучыццца ў беларускіх установах вышэйшай адукацыі. Сёння гэты працэс мае станоўчую дынаміку.
У працяг размовы пасол Арабскай Рэспублікі Егіпет па сутнасці развіў тыя ж самыя накірункі, пра якія расказаў кіраўнік міністэрства адукацыі Беларусі і тым самым пацвердзіў, што дзве краіны ўзаемна зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва.Так, у прыватнасці, пасол звярнуў увагу на павелічэнне колькасці міжуніверсітэцкіх дагавораў, ахопу іншых універсітэтаў і іншых спецыяльнасцей, на пашырэнне падрыхтоўкі навуковых кадраў у аспірантуры, наладжванне абмену студэнтамі і выкладчыкамі. Пасол засяродзіў увагу на пашырэнне сумеснай навукова-даследчай работы. Ігар Васільевіч Карпенка паведаміў, што ў нашай краіне гэтая работа вядзецца па многіх накірунках, і кожны з іх будзе цікавы для егіпецкіх калег, таму што беларускім бокам дасягнуты высокія вынікі. Гэта інжынерыя, медыцына, ІТ-тэхналогіі, сельская гаспадарка і шэраг іншых сфер. Для развіцця навуковых даследванняў у вышэйшай школе ствараны тэхнапаркі, лабараторыі і іншыя структуры, дзе можна займацца даследчай дзейнасцю.
Напрыканцы размовы Ігар Васільевіч Карпенка папрасіў перадаць запрашэнне наведаць Беларусь кіраўніку Міністэрства вышэйшай адукацыі і навуковых даследванняў Арабскай Рэспублікі Егіпет.

Ала КЛЮЙКО для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вярнуцца да спісу навін