МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

“Універсітэт 3.0” як умова інавацыйнага развіцця краіны

Апублікавана: 29.03.2018

У сераду на базе Беларускага Нацыянальнага тэхнічнага ўніверітэта прайшло пасяджэнене грамадска-кансультацыйнага савета па пытаннях адукацыі. У пасяджэнні прымаў удзел першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Вадзім Богуш. Асноўнай тэмай для абмеркавання стала распрацоўка і ўкараненне ў сістэме вышэйшай адукацыі мадэлі “Універсітэт 3.0”.
Пасяджэнне ўдзельнікаў грамадска-кансультацыйнага савета пачалося з невялікай экскурсіі па Навукова-тэхналагічнаму парку БНТУ “Палітэхнік”. Затым яго генеральны дырэктар па вытворчай дзейнасці Юрый Аляксееў пазнаёміў з практычнымі аспектамі стварэння мадэлі “Універсітэт 3.0” у БНТУ і расказаў пра работу тэхнапарка.
“Канцэпцыя “Універсітэт 3.0” прадугледжвае стварэнне на базе ўніверсітэтаў інтэграванай прадпрымальніцкай экасістэмы, у якой яны становяцца ключавымі пастаўшчыкамі інавацый. Гэта азначае пераход да праактыўнай мадэлі генерацыі тэхналогій, талентаў, рынкаў і рынкавых сэрвісаў, у рамках якой універсітэты ператвараюцца ў горадаўтваральныя цэнтры эканамічных кластараў. Па сутнасці, яны пачынаюць выступаць у ролі эканамічных агентаў, буйных кампаній, якія ўмеюць кіраваць вынікамі інтэлектуальнай дзейнасці і добра разумеюць прынцыпы функцыянавання новых рынкаў”, — пачаў гаворку Юрый Генадзьевіч.
У рамках рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0” акрамя ўцягвання студэнтаў ва ўласна вытворчы працэс, БНТУ і Тэхнапарк імкнуцца рабіць больш для развіцця прадпрымальніцкай культуры і інжынернай творчасці студэнцкай моладзі.
Універсітэцкі тэхнапарк не з'яўляецца класічным з пункту гледжання арганізацыйнай структуры і функцыянальнага прызначэння. У адрозненне ад тэхнапарку класічнага тыпу як чыста камерцыйнай структуры, тэхнапарк БНТУ выконвае дзяржаўна-значную функцыю, якая заключаецца ў фарміраванні інавацыйнай успрымальнасці ў працэсе падрыхтоўкі сучасных інжынерных кадраў як будучай бізнес-эліты.
“У якасці прыярытэтнага напрамку стратэгічнага развіцця тэхнапарка БНТУ прынята бізнес-інкубіраванне малых інавацыйных прадпрыемстваў. Аднак, гэта не значыць, што функцыі нашага тэхнапарка абмяжоўваюцца толькі прадастаўленнем плошчаў у арэнду. Хацелася б адзначыць, што Тэхнапарк БНТУ сёння суправаджае поўны навукова-інавацыйны цыкл ва універсітэце: ад фундаментальных і прыкладных даследаванняў, якія праводзяцца лабараторыямі навукова-даследчай часткі ўніверсітэта, стварэння распрацовак да заснавання інавацыйных прадпрыемстваў і арганізацыі высокатэхналагічных вытворчасцей.
Структура тэхнапарку ўключае як навукова-вытворчыя падраздзяленні, так і інфармацыйна-маркетынгавыя структуры, якія забяспечваюць інфармацыйнае суправаджэнне і рэалізацыю на рынку інавацыйнай прадукцыі, распрацовак і праектаў”, — адзначыў Юрый Аляксееў.
На дадзены момант рэзідэнтамі Навукова-тэхналагічнага парку БНТУ "Палітэхнік» з'яўляюцца 20 прадпрыемстваў. У аснове гэтых прадпрыемстваў — вынікі сумеснай працы навукоўцаў, выкладчыкаў, студэнтаў БНТУ і вузкіх спецыялістаў з розных сфер народнай гаспадаркі: урачоў, інжынераў, тэхнолагаў, канструктараў і інш.
Для прасоўвання прадукцыі і распрацовак на знешнія рынкі дзейнасць Навукова-тэхналагічнага парку БНТУ "Палітэхнік" і яго рэзідэнтаў на пастаяннай аснове прадстаўляецца на спецыялізаваных выставах, у тым ліку міжнародных. У прыватнасці, толькі за 2016 год інавацыйная прадукцыя і навукова-тэхнічныя распрацоўкі былі прадстаўлены на 18 міжнародных выставах, з іх 11 праходзілі за мяжой і 7 у Рэспубліцы Беларусь. Было ўстаноўлена каля 1 000 кантактаў з прадстаўнікамі больш за 30 краін свету.
Пра мадэль “Універсітэт 3.0” як важны аспект развіцця вышэйшай адукацыі ў рэспубліцы гаварыў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. Найперш Вадзім Анатольевіч адзначыў, што ў эксперыменце па ўкараненні мадэлі ўжо ўдзельнічаюць 7 універсітэтаў краіны. Далей ён агучыў тры базавыя місіі ўніверсітэта, які рэалізуе мадэль “Універсітэт 3.0”. Гэта адукацыйная, навуковая і прадпрымальніцкая дзейнасць, накіраваная на ўкараненне навуковых распрацовак і камерцаялізацыю ідэй.
Калі гаварыць пра характарыстыкі “Універсітэта 3.0”, яны ўключаюць: інтэграцыю адукацыі, навукі, бізнеса (фарміраванне умоў для інавацыйнага развіцця краіны); розныя крыніцы фінансавання; новую якасць спецыялістаў, якія валодаюць крэатыўным прадпрымальніцкім мысленнем; вытворчасць новых ведаў і іх капіталізацыю; стварэнне новых прадпрыемстваў выкладчыкамі і студэнтамі; цэнтр развіцця інавацыйнага тэрытарыяльнага кластара.
Рэалізацыя мадэлі “Універсітэт 3.0” патрабуе змен у адукацыйным працэсе і інфраструктуры навучальнай установы. Каб ідэю ператварыць у рэальны прадукт, студэнту трэба пераадолець шэраг праблем. Напрыклад, давядзецца вырашаць пытанні па інтэлектуальнай уласнасці, наладжванні вытворчасці, сварэнні бізнес-мадэлі, бізнес-праекта. Важным аспектам з’яўляецца ўзаемадзеянне з інвестарамі і дзеючымі прадпрыемствамі. Усё гэта добра відаць на прыкладзе дзейнасці навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік”.
На працягу дыскусіі было адзначана, што мадэль “Універсітэт 3.0” падыходзіць не ўсім вышэйшым навучальным установам, бо далека не ўсе могуць наладзіць вытворчасць. Разам з тым, як было паказана на прыкладзе “Палітэхніка” дадзеная мадэль дазваляе фарміраваць новыя погляды на вышэйшую адукацыю, дзе ў прыярытэце — практычны вынік навучання. Тэхнапарк прама і апасродкавана працуе на фарміраванне пазітыўнага іміджу БНТУ як у Беларусі, так і за мяжой, як у прафесійным асяроддзі, так і ў асяроддзі студэнцтва і моладзі — патэнцыяльных абітурыентаў.
Па словах першага намесніка міністра адукацыі, адна з галоўных задач мадэлі “Універсітэт 3.0” – атрыманнее спецыялістаў новай якасці, якія будуць валодаць крэатыўным, прадпрымальніцкім мысленнем, будуць здольныя не толькі асвойваць новую тэхніку ва ўмовах інавацыйнага і лічбавага асяроддзя, але і працаваць у камандзе, ствараць і камерцыялізаваць новыя прадукты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін