МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

У сплаве жыццёвай мудрасці з актыўнасцю і ініцыятывай

Апублікавана: 09.08.2018

Гэтымі днямі Гомельшчына гасцінна прымала ўдзельнікаў рэспубліканскага семінара-практыкума “Удасканаленне дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь”. Падчас двухдзённай работы былі абмеркаваны пытанні пошуку новых эфектыўных форм работы з моладдзю, развіцця і ўдасканалення сістэмы грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, узаемадзеяння і супрацоўніцтва з вядучымі маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі, прафесійнай арыентацыі старшакласнікаў, атрымання адукацыі і працаўладкавання, прадастаўлення першага рабочага месца. Практычныя аспекты рэалізацыі маладзёжнай палітыкі прадставілі установы адукацыі, прадпрыемствы і арганізацыі Рэчыцкага раёна. У рабоце семінара-практыкума прынялі ўдзел Глава Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік.



Адкрываючы мерапрыемства, Глава Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава заклікала ўдзельнікаў да канструктыўнага дыялогу. Яна адзначыла, што семінар-практыкум стаў пляцоўкай, дзе абмяркоўваюцца задачы, даручэнні па пытаннях развіцця маладзёжнай палітыкі, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы на V Усебеларускім народным сходзе, Рэспубліканскім педагагічным савеце, сустрэчах з творчай моладдзю і іншых мерапрыемствах. Акрамя таго, форум закліканы разгледзець пытанні, якія існуюць і патрабуюць свайго вырашэнння. “Гэта і магчымасць абмяняцца вопытам і меркаваннямі пра тое, што яшчэ неабходна зрабіць, магчыма, на заканадаўчым узроўні. У прыватнасці, на нядаўнім з’ездзе БРСМ была агучана прапанова, якая тычыцца павелічэння маладзёжнага ўзросту, бо працягласць жыцця змянілася”, — падкрэсліла Наталля Іванаўна.
Па словах міністра адукацыі Ігара Карпенкі, работа з моладдзю заўсёды з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці органаў дзяржаўнай улады. У краіне сфарміравана адпаведная заканаўчая, нарматыўна-прававая база ў галіне маладзёжнай палітыкі, асноўныя задачы, формы і метады работы з моладзю. Паказчыкі эфектыўнасці гэтай работы адлюстраваны ў дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады”.
На думку міністра, ва ўмовах імкліва зменлівага свету неабходна прыступіць да распрацоўкі стратэгічных падыходаў развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на перспектыву.
- Нельга працаваць з моладдзю інтуітыўна, — мяркуе Ігар Васільевіч. — Стрыжнёвай часткай работы павінен стаць навуковы падыход з улікам сучаснага стану маладзёжнай палітыкі айчыннага і замежнага вопыту, а таксама тэндэнцый грамадскага развіцця. На справе мы бачым, што па тэматыцы маладзёжнай палітыкі зусім невялікі працэнт навуковых даследаванняў. Так, у мінулым годзе абаронена ўсяго 4 кандыдацкія дысертацыі, за апошнія тры гады з 280 грантаў на прыкладныя даследаванні толькі 4 прысвечаны маладзёжнай праблематыцы. У найбліжэйшы час гэтая работа будзе скарэктавана.
Як адзначалася, падрыхтоўка праекта стратэгіі запатрабуе падключэння не толькі вучоных, але і практыкаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый, дзяржаўных органаў і структур.
І.В.Карпенка спыніўся на асноўных аспектах маладзёжнай палітыкі, якія могуць быць пакладзены у аснову гэтага дакумента. Сярод іх — фарміраванне сацыяльна актыўнай асобы маладога чалавека, удасканаленне прафарыентацыйнай работы, арганізацыя другаснай занятасці, развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва і інш.



Дарэчы, тэма прафесійнай арыентацыі, папулярызацыі рабочых прафесій, гарантаванага рабочага месца і працаўладкавання была вылучана ў якасці ключавой.
- Працаўладкаванне маладых людзей павінна стаць прыярытэтам ў рабоце рэгіянальных органаў улады. Так, мабыць, мы адзіная краіна, дзе гарантуецца першае рабочае месца. Але гэта першаснае, і на гэта жорстка нацэльвае і кіраўнік дзяржавы, — зазначыла Н.І.Качанава.
Выступоўцы неаднаразова падкрэслівалі, што дасягненню патрэбных вынікаў будзе садзейнічаць супрацоўніцтва дзяржорганаў і грамадскіх аб’яднанняў.
- У вас ёсць вопыт, аўтарытэт, рэсурсы, жыццёвая мудрасць, у нас — ініцыятыва, імкненне стварыць штосьці новае, быць карыснымі і запатрабаванымі. Такі сплаў не можа быць безвыніковым, нам разам многае па плячы, — адзначыў першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” Дзмітрый Варанюк.
На думку Н.І.Качанавай, важна, каб работа кожнага на сваім месцы была актыўнай і неабыякавай. З моладдзю неабходна гаварыць на роўных, адыходзячы ад павучэнняў. І гэта дасць свой плён.


Наталля КАЛЯДЗІЧ (“Настаўніцкая газета”) для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін