МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры адкрылі ў МДУ імя М.В. Ламаносава

Апублікавана: 14.12.2017

111.jpg

Адкрыццё Цэнтра, створанага сумесна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, адбылося на філалагічным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава.
Папярэднія дамоўленасці пра стварэнне ў Маскоўскім дзяржуніверсітэце Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры былі дасягнуты яшчэ ў 2016 годзе падчас сустрэч з прадстаўнікамі філалагічнага факультэта МДУ і ўзаемадзеяння ў рамках Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Плануецца, што дзейнасць Цэнтра супольна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы будзе спрыяць пашырэнню супрацоўніцтва і ўзаемакарысных кантактаў студэнтаў і выкладчыкаў дзвюх устаноў вышэйшай адукацыі.
Адзначым таксама, што адкрыццё Цэнтра адбылося ў знамянальны для нашых народаў год: сёлета на Беларусі шырока адзначаецца 500-годдзе ўсходнеславянскага друкарства, пачатага выбітным дзеячам эпохі Адраджэння Францыскам Скарынам, і 135-годдзе класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел дарадца-пасланнік Амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Юрый Ярашэвіч і ІІІ сакратар Амбасады Павел Міхалевіч. З боку купалаўскага ўніверсітэта – прарэктар па навучальнай рабоце Генадзій Гачко, прафесар кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі Людміла Рычкова і дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько, з боку расійскага ўніверсітэта – кіраўнік Цэнтра прафесар Ала Шэшкен, прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве, начальнік упраўлення міжнароднага адукацыйнага супрацоўніцтва прафесар Юрый Мазей, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуковай працы прафесар Вольга Аляксандрава, загадчык кафедры славянскай філалогіі прафесар Наталія Ананьева, а таксама студэнты, магістранты і выкладчыкі.

Прэс-цэнтр Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін