МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Тры гады ў Балонскім працэсе

Апублікавана: 11.05.2018

244936.jpg

На пасяджэнні Рэспубліканскага савета рэктараў абмеркавалі развіццё вышэйшай школы Беларусі з улікам імплементацыі прынцыпаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Акрамя кіраўнікоў універсітэтаў, у мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты — прадстаўнікі Рэспубліканскага грамадскага студэнцкага савета. З асноўным дакладам выступіў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.
Як вядома, 14 мая 2015 года на Ерэванскай канферэнцыі міністраў адукацыі дзяржаў — удзельніц Балонскага працэсу Рэспубліка Беларусь была ўключана ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Наша краіна прынята ў якасці паўнапраўнага члена без якіх-небудзь абмежаванняў паўнамоцтваў.
У якасці інструмента, які вызначаў асноўныя кірункі развiцця вышэйшай адукацыi, была распрацавана дарожная карта. Удзельнікі пасяджэння Рэспубліканскага савета рэктараў адзначылі пэўны прагрэс у імплементацыі асобных прынцыпаў і інструментаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў нацыянальнай сістэме.

  • Распрацавана і ўведзена ў прававое поле новая мадэль вышэйшай адукацыі, якая прадугледжвае дыферэнцыраваныя тэрміны падрыхтоўкі;
  • Падрыхтаваны праект Нацыянальнай рамкі кваліфікацый вышэйшай адукацыі;
  • Для ацэнкі працаёмкасці адукацыйнага працэсу выкарыстоўваецца нацыянальная сістэма заліковых адзінак (крэдытаў), узгодненая з Еўрапейскай сістэмай пераводу крэдытаў (ECTS);
  • Рэалізуецца Рабочы план па распрацоўцы незалежнай сістэмы забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі, студэнты прыцягваюцца да правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі;
  • Сфарміраваны прававыя ўмовы для ўвядзення нацыянальнага дадатку да дакументаў аб вышэйшай адукацыі, які па структуры і змесце адпавядае агульнаеўрапейскім дадаткам да дыплома (Diploma Supplement);
  • Пашыраецца аўтаномiя УВА па фармiраваннi зместу адукацыi i iнш.).
Дзеля далейшага пазітыўнага развіцця нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі і забеспячэння яе адпаведнасці ўзроўню вышэйшай школы вядучых краін Еўропы, Міністэрства адукацыі распрацавала “Стратэгічны план дзеянняў па рэалізацыі асноўных задач развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі згодна з прынцыпамі і інструментамі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі”.
У адпаведнасці са стратэгічным планам прадугледжваецца:
  • завяршэнне распрацоўкі Нацыянальнай рамкі кваліфікацый вышэйшай адукацыі;
  • далейшая аптымізацыя тэрмінаў падрыхтоўкі і пераход да новай мадэлі шматузроўневай сістэмы вышэйшай адукацыі;
  • удасканаленне дзейнасці ўніверсітэтаў па вымярэнні вучэбнай нагрузкі студэнтаў у заліковых адзінках і далейшае пашырэнне сферы выкарыстання нацыянальнай сістэмы заліковых адзінак;
  • укараненне новых міжнародных працэдур унутранага забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі і распрацоўка нарматыўна-прававой базы для дзейнасці незалежнага агенцтва па якасці;
  • укараненне лічбавага дадатка да дыплома;
  • фарміраванне дадатковых прававых умоў для рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм і праграм з падвойным дыпломам, а таксама для прадастаўлення замежным студэнтам адукацыйных грантаў для навучання ва ўніверсітэтах Беларусі;
  • пашырэнне мер сацыяльнай падтрымкі выпускнікоў, у тым ліку тых, хто вучыўся на платнай аснове.
Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што рашэнне згаданых задач дазволіць суаднесці напрамкі развіцця нацыянальнай вышэйшай школы ў рэспубліканскім і міжнародным кантэксце, сфарміраваць умовы для развіцця ў рамках Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі гібкай нацыянальнай сістэмы — канкурэнтаздольнай, адаптаванай да зменлівых умоў, заснаванай на беларускіх традыцыях і падпарадкаванай нацыянальным інтарэсам.

Галіна СІДАРОВІЧ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін