МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Сертыфікаты па вытворчым менеджменце – у індыйскіх студэнтаў

Апублікавана: 29.03.2018

вся группа. выпуск 29.03.2018.jpgУ Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі прайшла сустрэча, прысвечаная заканчэнню навучання ў Беларусі студэнтаў Тэхналагічнага інстытута Б.Н.М. (г.Бангалор, Рэспубліка Індыя) па адукацыйнай праграме “Сучасны вытворчы менеджмент”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, індыйскай кампаніі WorldlSolution і Тэхналагічнага інстытута Б.Н.М.
Як ужо паведамлялася, згодна з Мемарандумам аб супрацоўніцтве, падпісаным Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам развіцця кваліфікацый і прадпрымальніцтва Рэспублікі Індыя, наша краіна задзейнічана сёння ў сумеснай рэалізацыі праграмы “Кваліфікаваная Індыя”. Гэтая праграма накіравана на падрыхтоўку працоўных рэсурсаў, якія павінны адпавядаць сучасным сусветным стандартам. Асноўным каардынатарам дзейнасці і рэалізатарам праектаў паміж Беларуссю і Індыяй з’яўляецца сёння Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Адметным крокам у дадзеным накірунку стала навучанне са студзеня гэтага года індыйскіх студэнтаў па праграме “Сучасны вытворчы менеджмент”. Яны прыехалі да нас у Беларусь з Тэхналагічнага інстытута Б.Н.М., які знаходзіцца ў індыйскім горадзе Бангалор. Гэтая навучальная ўстанова з’яўляецца лідэрам паўднёвай часткі Індыі па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне кіравання і інжынерыі на узроўнях бакалаўрыяту (інжынерная справа, інфармацыйныя тэхналогіі, электроніка і сувязь, электроніка і тэхніка, машынабудаванне) і магістратуры (камп’ютарная сувязь і інжынерыя, камп’ютарныя прылажэнні і іншыя), а таксама напрамку, які тычыцца бізнес-адміністравання. Па колькасці студэнтаў (больш за 1000 чалавек) інстытут з’яўляецца адным з буйнейшых у краіне.
Галоўнай мэтай навучання індыйскіх студэнтаў у нашай краіне стала набыццё ведаў і прафесійных навыкаў у такіх сферах, як аўтасэрвіс, машынабудаванне і мехатроніка, у якіх наша айчынная сістэма прафесійнай адукацыя дасягнула станоўчых вынікаў. Навучанне праходзіла на базе рэсурсных цэнтраў і вядучых прадпрыемстваў Мінска. Што тычыцца зместу адукацыйнай праграмы, па якой вучылася моладзь з Індыі, у яе былі ўключаны тры асноўных модулі. Згодна першага, які мае назву “Інавацыйны менеджмент”, падрыхтоўка была сканцантравана на вывучэнні сучасных тэхналогій і методык, якія выкарыстоўваюцца ў кіраванні сучаснай кампаніяй. Другі модуль прысвечаны фармаванню прафесійных кампетэнцый з ужываннем праграмных прадуктаў у галіне аўтасэрвісу, машынабудавання і мехатронікі. Па гэтым модулі індыйскія студэнты праходзілі навучанне ў рэсурсных цэнтрах філіялаў РІПА - Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа і Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе. Ім дапамагалі вядучыя спецыялісты гэтых галін, міжнародныя эксперты WorldSkills.
Трэці модуль навучання быў накіраваны на азнаямленне з рэальнай вытворчасцю на вядучых прадпрыемствах Беларусі, сярод якіх Мінскі трактарны завод, ААТ “АМКАДОР”, УП “АДАНІ”, ААТ “АТЛАНТ”, ДУП “БЕЛГІДРАЎЛІКА” і іншыя.На гэтых прадпрыемствах студэнты з Індыі пазнаёміліся з рабочымі калектывамі, з арганізацыяй і функцыянаваннем вытворчай сферы, маркетынгавымі тэхналогіямі, у тым ліку з тэхналогіямі ў галіне кіравання і прафесійнага развіцця персаналу.
На сустрэчы рэктар РІПА В.М.Галубоўскі, прадстаўнікі індыйскага боку расказалі аб перспектывах далейшага супрацоўніцтва і выказалі пажаданні новых сустрэч. Студэнты з Індыі прэзентавалі свае праекты, выкананыя падчас стажыроўкі на прадпрыемствах Мінска. Усім ім былі ўручаны адпаведныя сертыфікаты аб навучанні.

Ала КЛЮЙКО для прэс-центра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін