МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Разам да спартыўных перамог

Апублікавана: 18.06.2018

DSC_7432_.jpg

У пятніцу ў гімназіі № 16 Мінска па выніках выступлення беларускіх школьнікаў на І Сусветнай зімовай гімназіядзе і XVII Сусветнай летняй гімназіядзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства “Мы хотим всем рекордам наши звонкие дать имена”. У нефармальнай абстаноўцы за кубачкам чаю пераможцы і прызёры гімназіяд, іх трэнеры, бацькі абмяркоўвалі з міністрам адукацыі Ігарам Васільевічам Карпенкам і міністрам спорту і турызму Сяргеем Міхайлавічам Кавальчуком пытанні развіцця школьнага спорту і фізічнай культуры, падтрымкі юных спартсменаў, функцыянавання дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Спектр узнятых пытанняў быў шырокі, адказы — шчырымі.
Не сакрэт, што ў нашай краіне развіццю фізічнай культуры і спорту надаецца вялікая ўвага, дзяржава зацікаўлена ў выхаванні здаровага, гарманічна развітага маладога пакалення, пра што сведчаць узвядзенне спартыўных збудаванняў сусветнага класу, высокія дасягненні нашых юных спартсменаў на спартыўных спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Сучасная Беларусь займае годнае месца ў сусветнай спартыўнай супольнасці. Наша каманда не першы раз удзельнічае ў гімназіядах, якія правозяцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту (ISF). У 2013 годзе ў Бразіліі беларускія школьнікі-спартсмены заваявалі 4 медалі (1 залаты, 2 сярэбраныя і 1 бронзавы), а ў 2016-м у турэцкім Трабзоне ўжо 14 медалёў (7 залатых, 5 сярэбраных і 2 бронзавыя). З 5 па 10 лютага у Грэноблі (Францыя) прайшла І Сусветная зімовая гімназіяда. Беларусь прадставілі 11 школьнікаў-спартсменаў у 3 відах спорту. Па выніках спаборніцтваў у беларускай каманды было 4 медалі (3 сярэбраныя і 1 бронзавы). А нядаўна ў мараканскіх гарадах Маракеш і Касабланка прайшла XVII Сусветная летняя гімназіяда, дзе спаборнічалі школьнікі з 58 краін у 18 відах спорту. Рэспубліку Беларусь прадстаўлялі 42 спартсмены ў 7 відах спорту. Па выніках форуму нашымі хлопцамі і дзяўчатамі былі заваяваны 24 медалі (5 залатых, 7 сярэбраных і 12 бронзавых).
— Сістэму адукацыі нельга ўявіць без спартыўнага складніка. Я ўзгадваю свае школьныя гады, калі праводзіліся ўсесаюзыя спаборніцтвы “Старты надзей”, калі школьнікі масава цэлымі класамі ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, пацвярджалі нормы ГПА. Мы намагаемся захоўваць гэтыя традыцыі і развіваць школьны спорт. Вы ўжо дасягнулі пэўных вышынь, але хочацца, каб на гэтым не спыняліся. Нават калі вы не станеце прафесійным спартсменамі, вашы навыкі спатрэбяцца ў жыцці і ў плане стварэння сям’і, выхавання дзяцей, і ў плане прафесійнай дзейнасці, таму што сёння, каб быць прафесіяналам, не значыць мець дыплом з пэўнай кваліфікацыяй і нават наборам адзнак, якія пацвярджаюць гэтую кваліфікацыю. Гэта ў першую чаргу быць чалавекам — валодаць чалавечымі якасцямі, без якіх немагчыма выходзіць у прафесійную дзейнасць. Спорт таксама фарміруе і развівае ў вас гэтыя якасці як у людзей высокай грамадзянскай пазіцыі, людзей, якія заўтра будуць вырашаць не толькі спартыўныя справы, але вызначаць лёс краіны. У вашых руках будучыня. Вучоба — гэта важна, аднак на першым плане, на мой погляд, павінна быць выхаванне, яго грамадзянска-патрыятычны аспект, светапогляд, бо можна валодаць пэўным наборам ведаў, але быць зусім дрэнным чалавекам. Мне здаецца, што спорт у гэтым плане адыгрывае вельмі пазітыўную ролю. Спорт — гэта сіла волі, гэта пэўныя ўменні, навыкі, якія выпрацоўваюцца ад трэніроўкі да трэніроўкі, — звярнуўся да юных чэмпіёнаў Ігар Васільевіч Карпенка.
На думку міністра спорту і турызму Сяргея Міхайлавіча Кавальчука, важна, каб кожнае дзіця палюбіла спорт, каб у яго не было адмоўных адносінаў да заняткаў фізкультурай. Калі мы зможам дасягнуць гэтую мэту, то ў нас у кожным відзе спорту пачнуць з’яўляцца і добрыя спартсмены, і добрыя спецыялісты-трэнеры. “Дзяржава робіць усё магчымае для развіцця спорту: у краіне пабудавана вялікая колькасць спартыўных залаў, басейнаў, лядовых палацаў. Праз спорт у кожнага з нас ёсць цудоўная магчымасць пазнаваць свет, мець стасункі з іншымі людзьмі, рабіць нашу краіну, людзей, якія знаходзяцца вакол цябе, больш шчаслівымі, разумнымі. Трэба навучыцца дапамагаць адно аднаму, годна прадстаўляць краіну на міжнароднай арэне. Дзякуючы спорту, можна стаць сапраўднымі грамадзянамі, патрыётамі”, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч.
Сустрэча з міністрамі адукацыі, спорту і турызму, няхай і не ў фармальнай абстаноўцы, — выдатная нагода даведацца не толькі пра іх спартыўныя захапленні, але і абмеркаваць пытанні развіцця школьнага спорту, спартыўнага жыцця краіны. Падчас сустрэчы гаварылася і пра арганізацыю ўрокаў фізічнай культуры і здароўя, і пра ўзаемадзеянне дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ з агульнаадукацыйнымі ўстановамі адукацыі, і пра ролю настаўніка, трэнера, бацькоў у справе выхавання будучых чэмпіёнаў, і пра матэрыяльную падтрымку юных спартсменаў, матэрыяльнае аснашчэнне ўстаноў адукацыі спартыўным інвентаром. Каб станоўча вырашаць гэтыя пытанні, спорт і адукацыя павінны быць разам. Такой была асноўная думка, якая чырвонай ніткай праходзіла праз адказы міністраў на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. Толькі разам мы можам крочыць да спартыўных перамог.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Вярнуцца да спісу навін