МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Першая прыступка да алімпійскіх медалёў

Апублікавана: 12.02.2018

1.jpg

У нацыянальным аэрапорце “Мінск” урачыста сустрэлі юных спартсменаў, якія прадстаўлялі Беларусь на І Сусветнай зімняй гімназіядзе. Горача віталі юнакоў і дзяўчат сябры, балельшчыкі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык шчыра падзякаваў спартсменам за тое, што яны годна прадставілі нашу краіну на гімназіядзе і падарылі сваім землякам моманты радасці.
“Школьныя алімпійскія гульні” – так неафіцыйна называюць Сусветную гімназіяду. Яна праводзіцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту (ISF). Дагэтуль спаборніцтвы праводзіліся толькі па летніх відах спорту, сёлета ўпершыню прайшла гімназіяда зімовая.
- Мы паабяцалі прыехаць з медалямі і гэта накладвала на нас вялікую адказнасць, - расказвае Дар’я Кудаева. – У першы дзень удалося добра справіцца са стральбой і ход быў добры. У выніку – “серабро”. Першы медаль дазволіў крыху супакоіцца, хаця напружанне перад эстафетай было значнае – я бегла першай, хацелася не падвесці каманду, задаць добры тэмп. Рада, што ўдалося і гэта.
Лёгкім шлях да медалёў не бывае, але бятланісты справіліся з хваляваннем і паказалі годныя вынікі.
- Юнакі і дзяўчаты былі добра падрыхтаваны, гэта група лідараў, яны нядрэнна спаборнічалі ў мінулым сезоне, праявілі сябе і ў гэтым, - расказвае трэнер каманды біятланістаў Ігар Багуслававіч Літвінскі. - Спрынтарская гонка была даволі складанай з-за туману і ветру. Але Павел і Дар’я справіліся з перашкодамі, малайцы. У лік прызёраў здольны быў трапіць і Антон Шыдлоўскі, яго крыху падвяла стральба. Але ход у яго вельмі добры, што ён падцвердзіў потым у эстафеце. У эстафеце адразу завязалася барацьба з французамі. У іх вельмі моцная каманда, да апошняга спаборнічалі з імі на роўных. Атрымалася годнае выступленне. Сезон яшчэ не завершаны. Упэўнены, удзельнікі гімназіяды яшчэ парадуюць нас сваімі вынікамі.
Тым часам беларуская каманда па кёрлінгу святкавала заваяванне бронзавага медаля гімназіяды. На трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўзняліся Макар Баркан, навучэнец Ліцэя БДУ, і Святлана Плешак, якая вучыцца ў гімназіі № 32 Мінска.
- Мы зрабілі стаўку менавіта на гэтых спартсменаў і яны апраўдалі нашы надзеі, - дае ацэнку выступленню беларускай каманды дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, кіраўнік дэлегацыі Віталь Мікалаевіч Стрыгельскі. – Гэта першая прыступка да алімпійскіх медалёў, заваявання якіх мы шчыра жадаем удзельнікам гімназіяды. Перакананы, што яны на гэта здольныя.

Дар’я Рэва “Настаўніцкая газета” для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара.
Вярнуцца да спісу навін