МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Названы лепшыя ўстановы спецыяльнай адукацыі

Апублікавана: 20.12.2017

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшло ўрачыстае закрыццё і ўзнагароджанне пераможцаў II Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыi”
1_DSC_1478.jpg

Конкурс праводзіцца з мэтай удасканалення сістэмы спецыяльнай адукацыі, павышэння якасці і даступнасці адукацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця /АПФР/, выяўлення, абагульнення і распаўсюджання лепшага вопыту работы ўстаноў спецыяльнай адукацыі і развіцця творчых ініцыятыў педагагічных работнікаў. Выпрабаванні праходзілі ў намінацыях “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова”, “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)”, “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)”, “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”.
У журы конкурсу ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху. Сярод крытэрыяў ацэнкі конкурсных матэрыялаў — актуальнасць і адпаведнасць вопыту педагагічнай дзейнасці сучасным тэндэнцыям развіцця спецыяльнай адукацыі, адкрытасць і сувязь з соцыумам, даступнасць атрымання спецыяльнай адукацыі, эфектыўнасць і ўмовы функцыянавання, выкарыстанне сучасных тэхналогій у рабоце ўстановы, інклюзіўны падыход да адукацыі і адпаведнасць зместу конкурсных матэрыялаў заяўленай тэме.
Для ўдзелу ў першым (абласным) этапе конкурсу ўстановы ў аргкамітэт прадстаўлялі інфармацыйна-аналітычную даведку аб сваёй дзейнасці за апошнія 3 гады. Другі (рэспубліканскі) этап конкурсу праводзіўся ў два туры: завочны і вочны. У завочным туры ацэньваліся прадстаўленне вопыту работы педагагічнага калектыву за апошнія тры гады і відэапрэзентацыя ўстановы спецыяльнай адукацыі.У вочным туры праходзіла абарона калектывам адукацыйнага праекта.
Фіналістаў і гасцей конкурсу вітала Ірына Уладзіміраўна Каржова, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі: “Удзел у конкурсе паказаў вашу неабыякавасць да той работы, якой вы займаецеся, да сваіх калег, жаданне падзяліцца цікавымі ідэямі і вопытам. Кожная ўстанова спецыяльнай адукацыі ў сваім рэгіёне мае непаўторныя адметнасці, сваю атмасферу і напрацоўкі. З ліку 27 фіналістаў нам неабходна было выбраць лепшых. Іх вопыт будзе ўкараняцца ў сістэму адукацыі нашай краіны і стане арыенцірам для ўдзельнікаў наступнага конкурсу, пакажа, у якім кірунку трэба рухацца сучаснай школе для таго, каб найлепш раскрыць асобу дзіцяці, абудзіць у ім жаданне вучыцца, адлюстраваць неабходнасць навучання з мэтай сацыялізацыі ў грамадстве”.
“Незалежна ад таго, хто сёння перамог, ад вашых дасягненняў выйграе ў цэлым уся сістэма спецыяльнай адукацыі, — падкрэсліла старшыня журы конкурсу загадчык кафедры лагапедыі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Іна Мікалаеўна Логінава. — Конкурс паказаў, што ў розных куточках нашай краіны працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія любяць сваю работу, укладваюць у яе душу і жадаюць, каб іх справа прыносіла карысць. Спецыяльная адукацыя перажывае няпросты час. У краіне ўзяты курс на інклюзіўную адукацыю. Відавочна, што і спецыяльная, і інклюзіўная адукацыя не выключаюць адна адну, яны могуць развівацца сумесна, узаемаабагачацца. Багаты вопыт устаноў спецыяльнай адукацыі неабходны для прадукцыйнага развіцця інклюзіўных працэсаў. Без гэтага немагчыма стварыць у грамадстве інклюзіўную культуру”.
Пераможцы конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі.
У намінацыі “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова” дыплом І ступені атрымаў спецыяльны дзіцячы сад № 17 Пінска для дзяцей з парушэннем зроку; дыплом ІІ ступені — спецыяльны яслі-сад № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку; дыплом ІІІ ступені — спецыяльны яслі-сад № 6 Жлобіна.
У намінацыі “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)” дыплом І ступені атрымала спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 14 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска; дыплом ІІ ступені — Асіповіцкая дзяржаўная спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату Магілёўскай вобласці; дыплом ІІІ ступені — Гродзенская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем зроку.
У намінацыі “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)” дыплом І ступені атрымала Дапаможная школа Брэста; дыплом ІІ ступені — дапаможная школа-інтэрнат № 5 Гомеля; дыплом ІІІ ступені — Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат Мінскай вобласці.
У намінацыі “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі” дыплом І ступені атрымаў ЦКРНіР Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці; дыплом ІІ ступені — ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска; дыплом ІІІ ступені —ЦКРНіР Столінскага раёна Гродзенскай вобласці.

Надзея Церахава ”Настаўніцкая газета” для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вярнуцца да спісу навін