МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Конкурс для школьнікаў «Чытаем па-беларуску з velcom» працягнуты да 20 снежня

Апублікавана: 23.11.2017

2.jpgАрганізатары рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom», які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, аб'яўляюць аб працягу прыему творчых работ. Улічваючы жаданне школьнікаў з усёй Беларусі далучыцца да ініцыятывы, перыяд падачы відэа на конкурс юных чытальнікаў працягнуты з 30 лістапада да 20 снежня 2017 года. Іншыя ўмовы застаюцца без змен. C падрабязнымі правіламі конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» можна азнаёміцца па спасылцы.  
Лепшыя, на думку журы, канкурсанты будуць названы да 29 снежня 2017 года і прымуць удзел у рэгіянальных этапах конкурсу ў 2018 годзе. Пераможцы рэспубліканскага фіналу атрымаюць смартфоны маркі Apple.
Арганізатарамі конкурсу прынята ўжо больш за 600 відэазапісаў. Каб праглядзець усе відэа, дасланыя на конкурс, спатрэбіцца каля 15 гадзін. Самыя папулярныя ў рабят паэты – Якуб Колас, Янка Купала, Рыгор Барадулін і Максім Багдановіч. Твор, які ўдзельнікі выбіраюць часцей за ўсё – «Трэба дома бываць часцей» Рыгора Барадуліна. У рэйтынгу самых папулярных твораў таксама верш Якуба Коласа «Ручэй», урыўкі з паэмы Янкі Купалы «Курган», «Слуцкія ткачыхі» Максіма Багдановіча і твор Рыгора Барадуліна «Бацьку».
Самыя актыўныя на дадзены момант – вучні школ і гімназій Гомельскай вобласці. Менавіта яны штодня дасылаюць найбольшую колькасць відэаролікаў з уласным чытаннем беларускіх твораў. У рэйтынгу гарадоў першае месца ў Мінска – сталічныя школьнікі пакуль лідзіруюць па колькасці відэазапісаў. Другое месца па актыўнасці вучняў на дадзены момант у Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Трэці радок займае Глыбокскі раён Віцебскай вобласці.   
Конкурс юных чытальнікаў «Чытаем па-беларуску з velcom» сярод вучняў 7 і 8 класаў школ і гімназій краіны стартаваў 11 кастрычніка. Каб паўдзельнічаць у конкурсе, рабятам трэба запісаць відэа, на якім яны чытаюць любы твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Затым трэба размясціць відэазапіс на асабістай старонцы ў адной з сацыяльных сетак (Facebook, Вконтакте, Instagram), а таксама пазначыць запіс афіцыйным хэштэгам конкурсу – #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom.
У правілах пазначана, што ўдзельнікам конкурсу дазволена выкарыстанне дадатковай атрыбутыкі, касцюмаў, музычнага суправаджэння і відэамантажу. Многія дзецi чытаюць вершы ў нацыянальных касцюмах, на фоне традыцыйных прадметаў беларускага быту або на фоне прыроды.
Кожны дарослы таксама можа прыняць удзел у ініцыятыве і падтрымаць удзельнікаў конкурсу, як гэта ўжо зрабілі гульцы футбольнага клуба «Мінск», удзельнікі дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне» Хелена Мерааі і Руслан Асланаў, дзеячы культуры, маладыя паэты, працоўныя калектывы і студэнты беларускіх ВНУ.

Пресс-центр Министерства образования.
Вярнуцца да спісу навін