МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Касманаўты наведалі шэраг адукацыйных устаноў сталіцы i Мінскай вобласці

Апублікавана: 13.09.2018

DSC_3159_1.jpg

У межах кангрэса ў Дзень супольнасці – 12 верасня – касманаўты і астранаўты завіталі ў шэраг навучальных устаноў сталіцы, Чэрвеня і Смілавіч. Удзельнікаў мерапрыемства гасцінна сустрэлі Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Ваенная акадэмія, Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі, Мінскае сувораўскае вучылішча, інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук і прадпрыемствы, якія працуюць у галіне касманаўтыкі.
Так, толькі БДУ сустракаў гасцей на шасці факультэтах - механіка-матэматычным, біялагічным, фізічным, хімічным, геаграфічным, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій і ў Інстытуце прыкладных фізічных праблем імя А.Н. Сеўчанкі.
Выступы касманаўтаў былі звязаныя са спецыфікай адукацыйнай і навуковай дзейнасці тых падраздзяленняў, куды яны завіталі. Напрыклад, геаграфічны факультэт наведаў Марыо Ранко, які мае ступень бакалаўра ў галіне метэаралогіі і фізічнай акеанаграфіі. А Герхард Ціле, які атрымаў доктарскую ступень у Інстытуце экалагічнай фізікі пры Гедэльбергскім універсітэце, наведаў факультэт радыёфізікі.
Падчас камунікацыі науковая моладзь даведалася пра неабходныя кампетэнцыі, веды, адукацыю, якімі павінен валодаць касманаўт, ролю міжнароднага супрацоўніцтва ў асваенні касмічнай прасторы, пра перспектыўныя аэракасмічныя тэхналогіі і магчымыя адкрыцці ў галіне вывучэння Сусвету. Таксама юнакоў і дзяўчат цікавіла ўзаемаразуменне паміж прадстаўнікамі розных культур, стан астранаўтаў пасля палёту, а таксама іх успаміны аб тым, якія словы яны гаварылі родным перад запускам паветранага судна.
– Неба – гэта незвычайна, – звярнуўся да студэнтаў Герхард Ціле. – Раю вам пераканацца ў гэтым асабіста.
Астаранаўт папрасіў узняць рукі тых, хто перакананы ў тым, што чалавецтва ступіць на Марс не пазней за 2035 год: большасць прысутных былі перакананы ў гэтым.
– Да падзеі засталося менш за дваццаць год. А гэта значыць, што чалавек, які высадзіцца на Марс ужо нарадзіўся, і зараз яму прыкладана ад 10 да 20 год. І вельмі цудоўна, што мы з вамі зможам назіраць за гэта падзеяй, – рэзюмаваў знакаміты госць.

Iрына Iвашка для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вярнуцца да спісу навін