МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат

Апублікавана: 08.01.2018

Напярэдадні светлага свята Раства Хрыстова ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” Васіль Іванавіч Жарко, намеснік прэм’ер-міністра, і Ігар Васільевіч Карпенка, міністр адукацыі, наведалі Рудзенскую дапаможную школу-інтэрнат, дзе павіншавалі дзяцей з навагоднімі і каляднымі святамі і ўручылі ім падарункі ад главы дзяржавы.

2.jpg

У Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце выхоўваюцца 125 хлопчыкаў і дзяўчат. Усе яны сіроты і маюць пэўныя асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Ва ўстанове створаны неабходныя ўмовы для таго, каб дзеці не проста атрымалі адукацыю, а падрыхтаваліся да далейшага самастойнага жыцця. У іх ёсць магчымасць наведваць заняткі па паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўцы, дзе выхаванцы атрымліваюць прафесіі жывёлавода, агародніка, слесара па рамонце тэхнікі. Яны атрымліваюць кваліфікацыю і пасля заканчэння школы-інтэрната ўладкоўваюцца на работу. Акрамя навучальных заняткаў у школе-інтэрнаце праводзіцца выхаваўчы працэс, шмат увагі надаецца спартыўным заняткам. Каманды Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната не раз станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатаў па розных відах спорту па праграме “Special Olympics”. Пра ўсё гэта гасцям расказалі падчас экскурсіі па ўстанове.

5.jpg

В.І. Жарко і І. В. Карпенка ўзялі ўдзел у святочным мерапрыемстве разам з выхаванцамі школы-інтэрната. Пасля забаў з казачнымі героямі, танцаў і хараводаў ля елкі, дзеці атрымалі салодкія падарункі, развіваючыя гульні і тэлевізар. Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што такія дзеці ніколі не застануцца без падтрымкі дзяржавы.

“Настаўніцкая газета” для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін