МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Апраўдалі давер

Апублікавана: 04.07.2018

1.jpg

У аўторак у мемарыяльнай Зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшло ўрачыстае аб’яўленне Падзякі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі А.Р.Лукашэнкі навучэнцам кадэцкіх вучылішчаў і спецыялізаваных ліцэяў Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — удзельнікам ваеннага парада войскаў Мінскага гарнізона, прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
3.jpg

3 ліпеня гэтыя юнакі запомняць на ўсё жыццё. Менавіта ім, выдатнікам вучобы, ваеннай і фізічнай падрыхтоўкі, быў дадзены гонар першымі прайсці ў калоне ваеннага парада. Дарэчы, адбылося гэта ўпершыню за шматгадовую традыцыю правядзення парадаў з нагоды галоўнага дзяржаўнага свята. Таму 2018 год, безумоўна, увойдзе ў гісторыю кадэцкай адукацыі краіны. За тым, як кадэты спраўна маршыравалі, назіралі не толькі тысячы мінчан і гасцей сталіцы, якія запоўнілі святочныя трыбуны, але і сотні тысяч тэлегледачоў. Асаблівы гонар адчувалі родныя, блізкія, сябры, знаёмыя будучых афіцэраў, будучай эліты нашай арміі. Аднак, як справядліва адзначыў падчас аб’яўлення Падзякі міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка, за параднай выпраўкай кадэтаў стаяць не толькі тыдні, але і месяцы трэніровак, заняткаў на пляцы. Сіла волі кадэтаў, іх жаданне быць лепшым, падтрымка і высокі прафесіяналізм афіцэраў і педагогаў, якія заўсёды побач і аказваюць любую неабходную дапамогу, прыносяць станоўчы вынік. Юнакі годна выканалі задачу, пастаўленую перад імі дзяржавай, апраўдалі высокі давер.
— Наша сустрэча нездарма праходзіць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мы, беларусы, заўсёды будзем помніць, якой цаной аплачаны наш мір, наша спакойнае жыццё. Дзякуючы мужнасці нашых бацькоў і дзедаў, якія заваявалі Вялікую Перамогу, у нас ёсць магчымасць жыць у мірнай, спакойнай краіне, вучыцца, выбіраць прафесію і быць упэўненым у заўтрашнім дні. Святы абавязак кожнага беларуса захоўваць памяць пра гэты вялікі подзвіг. Беларусь мае багатую гісторыю, важнай вехай якой з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна. Вельмі важна, пакуль яшчэ жывыя ветэраны, сведкі Вялікай Айчыннай вайны, збіраць іх успаміны і беражліва перадаваць з пакалення ў пакаленне, ад бацькоў да дзяцей. Важна, каб гераічнае мінулае заставалася часткай нашага жыцця. Захоўваючы яго, мы закладваем трывалую аснову сувязі з будучымі пакаленнямі, выхоўваем маладых людзей на прыкладзе дзядоў, прадзедаў, у духу сапраўднага патрыятызму і павагі, любові да Радзімы, — паведаміў Ігар Васільевіч Карпенка.
Сапраўдныя патрыёты, якія паважаюць і любяць Радзіму, — гэта яны, сённяшнія кадэты, заўтрашнія афіцэры. “Права прайсці ў парадным страі перад народам Беларусі прадастаўляецца не кожнаму. Упэўнены, што сёння тут знаходзяцца лепшыя сыны Беларусі. Вы цудоўна справіліся з пастаўленай перад вамі задачай падчас падрыхтоўкі і правядзення ваеннага парада”, — адзначыў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўнік Леанід Віктаравіч Касінскі.
Акрамя юнакоў узнагароды атрымалі і іх педагогі. Загадам міністра адукацыі за высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў да параду войскаў Мінскага гарнізона і ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь каштоўнымі падарункамі былі ўзнагароджаны выхавальнікі Віцебскага кадэцкага вучылішча Віктар Мікалаевіч Атаманчук і Валерый Станіслававіч Гецэвіч, начальнік Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь Аляксей Георгіевіч Дашкевіч і выхавацель Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча № 2 Аляксандр Юр’евіч Кузьмін.
— Выхаванне кадэт — гэта асаблівы працэс, бо тыя, хто прыходзіць да нас вучыцца, хочуць стаць ваеннымі, разумеюць сваё прызначэнне, шукаюць свой шлях у ваеннай структуры. Наша задача перафарміраваць іх як чалавека грамадзянскага ў чалавека ваеннага, надзяліць якасцямі, якія вылучаюць сапраўднага афіцэра. Гэта адказнасць, мужнасць, сумленнасць. У парадзе ўдзельнічалі лепшыя з лепшых навучэнцаў вучылішча. Гэтае права яны заслужылі і вучобай, і дысцыплінай, і фізічнай падрыхтоўкай, — падзяліўся Аляксандр Юр’евіч Кузьмін.
8.jpg

Навучэнцы кадэцкіх вучылішчаў і спецыялізаваных ліцэяў Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сёлета ўпершыню прынялі ўдзел у ваенным парадзе з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Няхай гэта яркі ўдзел стане добрай традыцыяй.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара.
Вярнуцца да спісу навін