МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Ад маляра да дызайнера інтэр’ера Як на стандарты прафесійнай адукацыі ўплываюць міжнародныя тэндэнцыі

Апублікавана: 04.01.2018

Клюйко.jpgРазвіццю нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі сёння ўдзяляецца пільная ўвага з боку дзяржавы і ўрада. Мы бачым павышаны попыт прадпрыемстваў на высокакваліфікаваныя кадры, расце актыўнасць работадаўцаў у падрыхтоўцы спецыялістаў, павышаецца роля ў гэтым міжнароднага руху WorldSkills. Па сутнасці, WorldSkills сёння становіцца рухальнай сілай у мадэрнізацыі айчыннай прафесійнай адукацыі. У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў аб развіцці WorldSkills з мэтай падрыхтоўкі кадраў для інавацыйнай эканомікі і ў рамках падрыхтоўкі да III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 на базе філіяла Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі “Індустрыяльна-педагагічны каледж” прайшоў семінар па кампетэнцыі “Сучасныя тэхналогіі малярных і дэкаратыўных работ”, дзе было прааналізавана выступленне нашай зборнай на міжнародным чэмпіянаце ў Абу-Дабі і вызначаны новыя кірункі падрыхтоўкі канкурсантаў ды чарговага нацыянальнага чэмпіянату. Адметна, што правядзенне такіх семінараў стала традыцыйным з развіццём у нашай краіне руху WorldSkills. Як правіла, на такіх мерапрыемствах вядзецца дзелавая размова па падрыхтоўцы кадраў для айчыннай эканомікі. Гэтае абмеркаванне выходзіць за рамкі WorldSkills і вызначае змест сучаснай прафесійнай адукацыі згодна з запатрабаваннямі айчыннага рынку працы і сусветнымі тэндэнцыямі. І на гэты раз у семінары прынялі ўдзел кіраўніцтва, метадычныя службы, педагогі і майстры вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі, дзе вядзецца падрыхтоўка кадраў па кваліфікацыі “маляр”, супрацоўнікі РІПА, прадстаўнікі прадпрыемстваў будаўнічай галіны, у прыватнасці, міжнародны эксперт прафесійнай кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, начальнік упраўлення рэгіянальных продажаў кампаніі “МАВ” А.С.Радзюкоў, дырэктар ААТ “Будмайстаркам” В.Д.Кордзікаў.
Сёння прафесію маляра можна лічыць масавай. Навучанне ёй вядзецца больш чым у 35 навучальных установах (узровень ПТА, ССА — спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” з дадатковай рабочай кваліфікацыяй “маляр”). З улікам запатрабаванасці гэтай спецыяльнасці на будаўнічым рынку цікавасць да яе сярод моладзі не змяншаецца і сёння. Безумоўна, ставіцца задача рыхтаваць адпаведныя кадры на самым высокім узроўні. З гэтай мэтай у спіс прафесійных кампетэнцый WorldSkills была ўключана кампетэнцыя “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Яе прадстаўляў на міжнародным чэмпіянаце ў Абу-Дабі Віктар Шмыгін, навучэнец індустрыяльна-педагагічнага каледжа (трэнер кампетэнцыі, майстар вытворчага навучання І.У.Леванькова) , лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Увогуле, згаданы каледж прымае вельмі актыўны ўдзел у руху WorldSkills. Як паведаміў дырэктар навучальнай установы А.М.Маслан, на базе каледжа будзе весціся падрыхтоўка па 6 прафесійных кампетэнцыях да наступнага нацыянальнага чэмпіянату. Многія навучэнцы і выпускнікі ўстановы былі ўдзельнікамі нацыянальных чэмпіянатаў прафесійнага майстэрства, а таксама выступалі на міжнародных пляцоўках.
Аб развіцці руху WorldSkills у нашай краіне, аб падрыхтоўцы канкурсантаў да III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 паведамілі на семінары Г.В.Алесенка, намеснік начальніка Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА, Н.В.Агеева, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння спецыяльнасцей сацыяльна-эканамічнай сферы РІПА, куратар прафесійнай кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Наталля Вацлаваўна вядзе актыўную работу па падрыхтоўцы гэтай прафесійнай кампетэнцыі да конкурсаў рознага ўзроўню. Яна з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам шматлікіх вучэбна-практычных семінараў,у тым ліку і гэтага.
Па словах Наталлі Агеевай, самае галоўнае пры падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў - узаемадзейнічаць у цесным кантакце з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў.
Найбольш шырока абмяркоўвалася на мерапрыемстве тэма аб тэндэнцыях абнаўлення зместу адукацыйных праграм у адпаведнасці са стандартамі WorldSkills, якую ўзняў А.С.Радзюкоў. Ён абазначыў кірункі падрыхтоўкі канкурсантаў да чэмпіянатаў міжнароднага і нацыянальнага ўзроўняў, а таксама прэзентаваў тэставыя конкурсныя заданні для рэгіянальных адборачных тураў нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства.
— У ходзе вывучэння прафесійных стандартаў WorldSkills і патрабаванняў, што прад’яўляюцца да канкурсантаў кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, я прайшоў некалькі этапаў у супастаўленні таго, што мы маем сёння і да чаго мы павінны імкнуцца заўтра, каб нашы рабочыя і спецыялісты былі канкурэнтаздольныя і адпавядалі патрабаванням сусветнага рынку будаўнічай галіны, — адзначыў А.С.Радзюкоў.
Першы вопыт па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы” быў атрыманы пры падрыхтоўцы да ІІ нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства ў маі 2016 года. У спаборніцтве ўдзельнічалі 8 навучэнцаў прафесійна-тэхнічных каледжаў і ліцэяў будаўнічага профілю, адзін прадстаўнік кампаніі “МАВ”.
— На базе нашага прадпрыемства рэгулярна праводзіцца навучанне персаналу падрадных, архітэктурных і праектных арганізацый, — паведаміў А.С.Радзюкоў. — Мы рыхтуем майстроў вытворчага навучання і праводзім ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі майстар-класы, вучэбныя семінары па вывучэнні сучасных матэрыялаў і новых тэхналогій будаўнічай галіны.
З улікам гэтага было прапанавана абнавіць змест адукацыйных праграм у адпаведнасці са стандартамі WorldSkills на ўзроўнях ПТА, ССА па рабочай кваліфікацыі “маляр”, праводзіць факультатыўныя заняткі для зацікаўленых навучэнцаў на базе прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, увесці ў вучэбную праграму дзеючых рэсурсных цэнтраў па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы” тэмы, якія ўваходзяць у конкурсныя заданні кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Важна праводзіць адборачныя туры на базе навучальных устаноў рэгіёнаў для вызначэння найбольш падрыхтаваных канкурсантаў для ўдзелу ў чэмпіянатах прафесійнага майстэрства з далучэннем да гэтага экспертаў.
В.Д.Кордзікаў, дырэктар ААТ “Будмайстаркам”, кандыдат тэхнічных наук, прадставіў удзельнікам семінара сучасныя сусветныя патрабаванні да малярнага і дэкаратыўнага інструменту на прыкладзе інструмента Storch. (Трэба адзначыць, што інструмент фірмы “Storch” выкарыстоўваўся еўрапейскімі канкурсантамі на сусветнай пляцоўцы ў г. Абу-Дабі, таксама быў прадастаўлены кампаніяй “МАВ” і нашаму канкурсанту).
Віктар Шмыгін, навучэнец індустрыяльна-педагагічнага каледжа правёў майстар-клас па малярных і дэкаратыўных работах. У канцы семінара ўдзельнікі наведалі рэсурсны цэнтр сучасных будаўнічых тэхналогій індустрыяльна-педагагічнага каледжа, загадчыцай якога з’яўляецца В.М. Кулік.
Для папулярызацыі руху WorldSkills ў нашай краіне створаны і сістэматычна абнаўляецца асобны сайт WorldSkills Belarus (http://worldskills.by/), у сацыяльных сетках Facebook, “Укантакце” створана адпаведная група, дзе размяшчаецца інфармацыя аб усіх мерапрыемствах, звязаных з WorldSkills, гэтая тэма пастаянна асвятляецца і ў сродках масавай інфармацыі.

Ала КЛЮЙКО для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін