МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

21 від спорту, 2 500 спартсменаў, 11 дзён

Апублікавана: 16.06.2018

IMG_3606_novyiy-razmer.jpg

Урачыстае адкрыццё фінальнага этапу Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў адбылося 15 чэрвеня на лёгкаатлетычным манежы БДУФК. Спаборніцтвы па 19 відах спорту праграмы летніх Алімпійскіх гульняў, а таксама па шахматах і шашках пройдуць у сталіцы.
У сталіцы сабраліся лепшыя: з 250 тысяч удзельнікаў першага этапу да фіналу дайшлі толькі 2,5 тысячы спартсменаў. Сваё права абараняць гонар рэгіёну яны заваявалі на гарадскіх, раённых і абласных спаборніцтвах.
– Сардэчна вітаю ўсіх на адкрыцці самых прэстыжных спаборніцтваў сярод школьнікаў нашай краіны! – падкрэсліў значнасць спартакіяды міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка. – У Год малой радзімы кожны з вас мае магчымасць праславіць сваю вёску, горад, раён, вобласць сваімі спартыўнымі поспехамі!
Міністр падкрэсліў, што перад удзельнікамі спаборніцтваў адкрываюцца вялікія перспектывы: яны не толькі пакажуць вынікі сваіх трэніровак, але і пабачаць сталіцу, выступяць на лепшых спартыўных пляцоўках краіны, знойдуць сяброў. А гэта цудоўная матывацыя, таму імёны гэтых юных спартсменаў мы, хутчэй за ўсё, пачуем яшчэ не раз.
– Магу толькі пазайздросціць спартсменам нашай краіны, маладому пакаленню, у якога ёсць магчымасць займацца ў такіх умовах, – працягнуў цырымонію міністр спорту і турызму Сяргей Міхайлавіч Кавальчук. – Наша краіна надае вялікую ўвагу спорту на ўсіх узроўнях, асабліва – школьнаму спорту.
Сапраўды фінальныя старты будуць праходзіць на сучасных стадыёнах і лепшых спартыўных базах Мінска, Заслаўля, Барысава – усяго 14 пляцовак прымуць спартсменаў пад сваім дахам.
На адкрыцці спартакіяды адбылося і ўрачыстае ганараванне прызёраў Сусветнай летняй гімназіяды, якія былі ўзнагароджаны падзякамі і каштоўнымі прызамі. Не пакінулі без увагі і іх трэнераў. А ўдзельнікі спартакіяды атрымалі сувеніры ад Мінгарвыканкама з рук начальніка ўпраўлення спорту і турызму Сяргея Аляксандравіча Фурманава.
Перад тым, як удзельнікі спаборніцтваў запусцілі ў неба паветраныя шарыкі, карысныя настаўленні даў і галава судзейскай калегіі спартакіяды, чэмпіён свету, прызёр Алімпійскіх гульняў, заслужаны майстар спорту Беларусі, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Анатольевіч Дзевятоўскі:
– Жадаю атрымаць максімальнае задавальненне ад барацьбы. Не трэба хвалявацца, трэба рабіць тое, чаму вас вучылі трэнеры. І няхай пераможа самы моцны!
І школьнікі, і іх настаўнікі добра разумеюць, што такія спаборніцтвы вызначаюць далейшы шлях юнакоў: ад вынікаў залежыць, абяруць вучні спорт у якасці сваёй прафесіі ці застануцца на аматарскім узроўні.
Абсалютны пераможца – рэгіён, які набярэ найбольшую колькасць балаў у камандным заліку – будзе вызначаны 25 чэрвеня.

Мар’я Янковіч для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін