МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Падведзены вынікі конкурсу сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з нагоды 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

Апублікавана: 12.02.2018

IMG_5914.jpg

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўрачыста ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу, які праводзіўся Міністэрствам абароны сярод педагогаў і навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з нагоды 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Дыпломы, падарункі, вітанні ад членаў журы былі крыху пазней. Спачатку для школьнікаў, навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў быў праведзены ўрок мужнасці. Гэта быў асаблівы ўрок у асаблівым месцы: знакамітым музеі, дзе захоўваецца памяць пра мужнасць нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. “Гісторыя Узброеных Сіл і каштоўнасць міру”, — так можна абазначыць тэму заняткаў. Раскрылі яе наступныя словы, адрасаваныя юным патрыётам: “Рэспубліка Беларусь — незалежная, сучасная дзяржава, у якой забяспечаны вялікія каштоўнасці: мір і стабільнасць”.
Без патрыятызму гаварыць пра бяспеку дзяржавы немагчыма, а яе будучыня пачынаецца ў сэрцах юных грамадзян. Вось чаму Міністэрства абароны дае магчымасць школьнікам бліжэй пазнаёміцца са старонкамі ваеннай гісторыі краіны, больш даведацца пра армію і нават атрымаць некаторыя армейскія навыкі. Ваеннае ведамства арганізоўвае ваенна-патрыятычныя класы, у воінскіх часцях праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, праходзяць гульні “Зарніца”, “Арляня”, арганізуюцца экскурсіі па месцах баявой славы, рэалізуецца шэраг інтэрнет-праектаў (у тым ліку самы знакаміты “Дзецям пра армію”), а таксама конкурсаў.
— Прыемна, што ў конкурсе, прысвечаным 100-годдзю Узброеных Сіл, прынялі ўдзел больш за 2000 чалавек. Журы прагледзела больш за тысячу малюнкаў, прачытала больш за 300 апавяданняў і больш за 600 вершаў. Усе работы, прадстаўленыя на конкурс, па-свойму цікавыя, кранальныя, таленавітыя і арыгінальныя. Шчыра прызнаюся, ад некаторых работ нават стаяў камяк у горле. Калі вучні ведаюць гісторыю сваёй краіны, гісторыю сваіх Узброеных Сіл, значыць, яны заўсёды будуць цаніць тое, што ёсць на беларускай зямлі: мір, згоду, бяспеку. Значыць, у нашай краіны вялікая будучыня. Сваім удзелам у конкурсе вы зрабілі Узброеным Сілам да юбілею цудоўны падарунак, — звярнуўся да канкурсантаў старшыня журы першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўнік Леанід Віктаравіч Касінскі.
Сотні цудоўны работ, выбраць лепшыя было няпроста, таму ў спісе прызёраў і лаўрэатаў спецыяльных дыпломаў імёны некалькі дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куточкаў Беларусі. І ўсё ж пераможцаў трое. У намінацыі “Лепшае апавяданне пра Узброеныя Сілы” пераможцай стала вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 23 Віцебска Агата Андрэева з работай “Нявыдуманая гісторыя”. Лепшы верш пра Узброеныя Сілы (“За нашу Савецкую Радзіму”) склала вучаніца 9 класа Караваціцкай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна Ганна Міхалко. У намінацыі “Лепшы малюнак пра Узброеныя Сілы” дыпломам І ступені за работу “Зберагаючы традыцыі, смела глядзім у будучыню” ўзнагароджаны вучань 4 класа Лукомльскага дзіцячага сада — пачатковай школы Чашніцкага раёна Раман Казунка.
Агата Андрэева была ўзнагароджана і спецыяльным прызам Міністэрства абароны за актыўны ўдзел у конкурсе. Дзяўчынка прадставіла работы ў кожную з намінацый і кожная работа была вартая дыплому. “Мір! Якое цудоўнае, светлае, чыстае слова! Як здорава разумець і ўсведамляць, што ты — чалавек, што ты — моцны і мудры! Мір — гэта блакітнае неба, яркае сонца, дзеці, любоў, шчасце, радасць. Няхай заўсёды будзе мір! Нізкі паклон усім тым, хто абараняе і ахоўвае нашу зямлю ад вайны, дае нам права жыць, вучыцца, працаваць, ганарыцца нашай Радзімай, нашай Беларуссю, нашым беларускім хлебам!”
002.jpg

003.jpg

004.jpg

Конкурсныя работы вылучаліся не толькі мастацкай вартасцю, глыбінёй раскрыцця тэмы, але і былі па-дзіцячы наіўнымі. У гэтым іх галоўная каштоўнасць. Хіба не з’яўляюцца справядлівымі наіўныя на першы погляд словы Агаты пра мір? Хіба нам, дарослым, не трэба часам (а можа, і часта) быць наіўнымі, як дзеці? Можа, тады і не было б войнаў?

Ігар ГРЭЧКА, “Настаўніцкая газета”, для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Вярнуцца да спісу навін