На галоўную/ Сістэма адукацыі/Спецыяльная адукацыя

Спецыяльная адукацыя - навучанне і выхаванне навучэнцаў, якія з'яўляюцца асобамі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, праз рэалізацыю адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі. Спецыяльная адукацыя ўключае ў сябе стварэнне спецыяльных умоў для атрымання спецыяльнай адукацыі на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі асобамі з улікам асаблівасцяў іх псіхафізічнага развіцця і карэкцыю наяўных у іх фізічных і (або) псіхічных парушэнняў.

Вялікая ўвага ў Рэспубліцы Беларусь надаецца забеспячэнню правоў на агульную і прафесійную адукацыю інвалідаў і асоб з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Вызначаны прававыя, эканамічныя, сацыяльныя і арганізацыйныя асновы спецыяльнай адукацыі.

У адпаведнасці з Канвенцыяй аб правах дзіцяці і прынятым у 2004 годзе Законам Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыi)» дзяржава не толькі прызнае, але і гарантуе кожнаму дзіцяці права на атрыманне адукацыі ў адпаведнасці з пазнавальнымі магчымасцямі і станам здароўя. Прыняты адукацыйны стандарт «Спецыяльная адукацыя (асноўныя нарматывы і патрабаванні)» i прадметныя стандарты, створаны банк даных дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця ва ўзросце ад 0 да 18 гадоў, у якім змяшчаюцца звесткі аб 127 тысяч дзяцей.

У 143 цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі навучаюцца і атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу каля 7 тыс. дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, у тым ліку з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі. Больш за 1 тыс. дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця ахоплены ранняй комплекснай медыка-педагагічнай дапамогай.

У дашкольных установах, агульнаадукацыйных школах па месцы жыхарства дзяцей адкрыты групы і класы інтэграванага навучання, спецыяльныя класы, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. У сістэму агульнай сярэдняй адукацыі інтэгравана 62 % ад агульнай колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, якія атрымліваюць спецыяльную адукацыю.

З мэтай павышэння сацыяльнай абароненасці выпускнікоў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця з 2005 г. ўстановы адукацыі ажыццяўляюць іх псіхолага-педагагічнае суправаджэнне на працягу двух гадоў пасля заканчэння навучальнай установы.